Праваабаронца Валерый Шчукін арыштаваны на 7 сутак "за нецэнзурную лаянку" і джынсы
Судзьдзя Першамайскага райсуду Віцебска Вольга Ільлюшонак пастанавіла пакараць вядомага праваабаронца і журналіста “Народнай Волі” Валерыя Шчукіна, грунтуючыся на заявах дзьвюх чыноўніцаў, паведаміла Радыё Свабода.
Спадарыня Шубіна, старшыня выбарчай камісіі №52, заявіла, што Валеры Шчукін, аформлены на ейным участку назіральнікам, лаяўся на сябраў камісіі. Спадарыня Гулідава, прадстаўніца адміністрацыі Цэнтру эстэтычнага разьвіцьця “Маладзік”, у памяшканьні якога месьціцца выбарчы ўчастак, напісала ў другой заяве, што спадар Шчукін неахайна выглядае і абражае гэтым эстэтычныя пачуцьці наведнікаў.
Валеры Шчукін катэгарычна не пагадзіўся з абвінавачаньнем, да таго ж не знайшлося ніводнага сьведкі, які мог бы пацьвердзіць тое, што Шчукін лаяўся.
Спадарыню Гулідаву, якая напісала заяву пра неахайны выгляд Шчукіна, чамусьці асабліва абурылі ягоныя джынсы — яна настойвала, што менавіта яны не адпавядаюць эстэтычным патрабаваньням важнага палітычнага моманту.
Нягледзячы на намаганьні адразу двух абаронцаў, судзьдзя Вольга Ільлюшонак асудзіла Валерыя Шчукіна на 7 сутак, згадаўшы ў пастанове і лаянку, і джынсы. Абараніць яго ня здолелі ні праваабаронца Павал Левінаў, ні адвакат Міхаіл Замалін, які ня толькі вядомы ў Віцебску юрыст, але й знаны эрудыт, удзельнік інтэлектуальных спаборніцтваў “Свая гульня” і “Што? Дзе? Калі?”.