Кіраўніцтва RТVі: у Беларусі нас закрылі з палітычных прычынаў
Апэратар эфірна-кабэльнага тэлебачаньня “Космас ТВ” спыніў трансьляцыю міжнароднага расейскага каналу RТVi, на якім ад канца лютага кожную нядзелю выходзіла перадача, прысьвечаная Беларусі. Прадстаўнікі “Космас ТВ” спасылаюцца на тэхнічныя прычыны. Кіраўніцтва RТVi гаворыць, што канал будзе недаступны беларускім тэлегледачам на ўвесь пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў.
Дырэктар каналу RТVi Міхаіл Баршчэўскі расказаў, што ў канфідэнцыйнай размове беларускі бок патлумачыў, зь якой прычыны адбылося адключэньне тэлеканалу.
“Учора нам затэлефанавалі ад імя найбуйнейшага кабэльнага апэратара, зь якім мы працуем у Беларусі, і паведамілі: ім тэлефанавалі зь нейкага “верху” і жорстка было запатрабавана адключыць наш канал на час выбараў. І толькі. Бо ў апэратараў ёсьць кантрактныя абавязкі, і калі адключыць назаўсёды, то фірма можа збанкрутаваць. Бо самі разумееце, вялізная колькасьць гледачоў, якія прымаюць наша тэлебачаньнеў Беларусі”, -- паведаміў Баршчэўскі “Радыё Свабода”.
Спадар Баршчэўскі дадаў, што нэрвовую рэакцыю беларускіх уладаў магла выклікаць праграма, якая выйшла ў мінулыя выходныя і якую павінны былі паўтарыць учора. Аднак, на думку спадара Баршчэўскага, яна была абсалютна вытрыманая і ня мела якіхсьці выпадаў на адрас кіраўніцва краіны.
“Была ў мінулую нядзелу перадвыбарчая праграма, прысьвечаная выбарам у Беларусі, Украіне і Расеі. Яна была нармалёвая, аб’ектыўная. Перад гэтым было ліставаньне зь беларускай амбасадай у Маскве: мы прапанавалі паставіць любыя сюжэты, якія яны палічаць патрэбнымі. Гэтаксама прапанавалі ўзяць інтэрвію ў дзейнага прэзыдэнта. На ўсе прапановы была адмова. Таму выступалі прадстаўнікі выбарчых штабоў апазыцыі, выступалі вельмі сур’ёзныя камэнтатары. Ніякіх скаргаў з боку Расеі і Ўкраіны на гэтую праграму не было. Але з боку Беларусі сутыкнуліся з тым, што нашым кабэльным апэратарам прапанавалі нас “вырубіць” ”, -- заявіў дырэктар каналу RТVi “Радыё Свабода”.