Аршанскі гарвыканкам зноў працуе над памылкамі
Слова “абвяржэнне” становіцца адным з самых часта ўжываемых загалоўках на старонках мясцовай “Аршанскай газеты”. На гэты раз мясцовыя чыноўнікі аператыўна адрэагавалі на інфармацыю ад “Праваабаронцаў за свабодныя выбары”. У ёй у прыватнасці паведамлялася, што ў шэрагу выпадкаў сярод месцаў, якія пазначаныя для размяшчэння агітацыйнай прадукцыі, не існуе саміх гэтых месцаў.
Так, ужо больш за пяць гадоў у Оршы няма крамаў "Лань" і "Кругозор", у якіх паводле рашэння гарвыканкама дазволена змяшчаць агітацыйныя матэр'ялы. Тое ж рашэнне гарвыканкама дазваляе расклейваць плакаты ў будынку падаткавай інспекцыі, але па адрасе, з якога яна 4 гады назад перахала ў адмыслова пабудаваны для яе будынак.
У выніку 3 снежня Аршанскі гарвыканкам прыняў рашэнне № 1849 “Аб унясенні змен у рашэнне Аршанскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 11 лістапада 2010года № 1711”, якое выпраўляе дапушчаныя памылкі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”