Беларускія ўлады не далі акрэдытацыі шэрагу польскіх журналістаў, якія зьбіраліся асьвятляць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі
Радыё Свабода паведаміла пра існаваньне сьпісу польскіх мэдыяў, чые карэспандэнты асабліва непажаданыя ў Беларусі.
Кракаўскі каталіцкі "Tygodnik Powszechny" - аўтарытэтная газэта, якая была адным зь нешматлікіх незалежных ад уладаў выданьняў яшчэ ў камуністычныя часы, паўтары гады таму шырока асьвятляў падзеі украінскай аранжавай рэвалюцыі, за што рэдакцыя тыднёвіка - адзіная ў Польшчы - атрымала ўзнагароду ўкраінскіх журналістаў "Залатое пяро".
"Tygodnik Powszechny" хацеў накіраваць на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь сваіх журналістаў - Малгажату Ноцунь і Анджэя Бжэзецкага, якія спэцыялізуюцца ва ўсходнеэўрапейскай тэматыцы і яшчэ нядаўна з сапраўднымі візамі і акрэдытацыямі былі ў Беларусі - напісалі адтуль шэраг матэрыялаў для газэты.
Аднак чарговую акрэдытацыю Малгажаце Ноцунь і Анджэю Бжэзецкаму беларускія ўлады адмовіліся выдаць, не патлумачыўшы прычынаў гэтай адмовы. Гаворыць Войцех Пенцяк з "Tygodnika Powszechnego": "Думаю, што адпаведныя службы ці асобы прачыталі артыкулы зь Беларусі нашых карэспандэнтаў і на прэзыдэнцкія выбары іх ужо не пусьцілі. Мы, прыкладам, мелі добрае інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам. Што да ўкраінскага досьведу нашай газэты, дык магчыма гэта і мела ўплыў на рашэньне беларускіх уладаў, але мне падаецца, што гэта значна шырэйшая акцыя, скіраваная ня толькі супраць "Tygodnika Powszechnego", але супраць увогуле замежных мэдыяў. Гледзячы на тое, што робіцца, мяркую што Лукашэнка рыхтуе нешта накшталт 13 сьнежня ў Польшчы - гэта дзень увядзеньня ваеннага становішча ў краіне - толькі зрабіць гэта, ізаляваць усіх патэнцыяльных праціўнікаў, ён хоча яшчэ да дня галасаваньня - каб толькі ў нядзелю гэтыя людзі не былі на свабодзе".
Між тым найвялікшы штодзёньнік цэнтральнай і ўсходняй Эўропы "Gazeta Wyborcza" таксама будзе мець праблемы з асьвятленьнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Раней у Беларусь не ўпусьцілі карэспандэнта газэты Вацлава Радзівіновіча, беларускі карэспандэнт "Wyborczej" Андрэй Пачобут - арыштаваны, а яшчэ адзін журналіст з варшаўскай рэдакцыі дагэтуль не атрымаў беларускую акрэдытацыю і, як кажуць у газэце, хутчэй за ўсё не атрымае.
"Цяжка сабе ўявіць нармальную працу, калі мы адрэзаныя ад месца падзеяў, ня маем там свайго карэспандэнта. Ня ведаю, як іншыя мэдыі," -- сказаў спадар Радзівіновіч.
Акрэдытацыі дагэтуль не атрымалі і некаторыя замежныя журналісты, што стала працуюць у Варшаве, а на выбары мелі намер паехаць у Беларусь.