У Наваполацку старшыні шэрагу выбарчых камісіяў адмаўляюцца рэгістраваць назіральнікаў ад дэмакратычных арганізацыяў
Так, 13 сакавіка ў рэгістрацыі адмовілі Міхаілу Чадаеву і Валеру Шаўчэнку, якія прадстаўляюць грамадзкае аб’яднаньне "Беларускі рэспубліканскі клуб выбарцаў". Калі згаданыя грамадзяне завіталі на выбарчы ўчастак №11, дзе зьбіраліся зарэгістравацца, дык пачулі, што корпус назіральнікаў ужо сфармаваны — пагатоў, у назіраньні могуць браць удзел толькі сем чалавек.
Спадар Шаўчэнка запатрабаваў пісьмовага тлумачэньня, чаму знаходзіцца на ўчастку могуць толькі сем назіральнікаў, і атрымаў афіцыйную паперу, у якой паведамлялася, што гэта зьвязана "з малой плошчай памяшканьня і актам супрацьпажарнага стану".
У гэты ж дзень такія адмовы атрымалі два прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага клубу выбарцаў, якія спрабавалі зарэгістравацца назіральнікамі на адным з участкаў у прыгарадным пасёлку Баравуха.