viasna on patreon

Бяроза: ЦВК парэкамендавала, аблвыканкам паабяцаў, райвыканкам не адказвае

2010 2010-12-02T17:28:51+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shukalnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Анатоль Сахаруша, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва, дабіваецца зменаў у рашэнні Бярозаўскага райвыканкама, у адпаведнасці з якім дзвюхтысячны  пасёлак Малеч не ўнесены ў спіс месцаў, дазволеных для сустрэч кандыдатаў і масавых перадвыбарчых  агітацыйных мерапрыемстваў.

Сахаруша 25 лістапада даслаў свае скаргі па гэтым пытанні ў ЦВК, Брэсцкі аблвыканкам і асабіста занёс у Бярозаўскі райвыканкам.

30 лістапада з ЦВК Анатолю Сахарушу паведамілі, што Цэнтральная камісія  не мае права адмяняць рашэнні мясцовых выканаўчых камітэтаў. Тым не менш, дадзена рэкамендацыя Брэсцкаму аблвыканкаму прыняць меры  ў частцы пашырэння колькасці месцаў для здзяйснення кандыдатамі ў прэзідэнты  перадвыбарчай агітацыі па-за памяшканнямі, а таксама колькасці памяшканняў для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі.

1 снежня да Сахарушы прыехалі два прадстаўнікі аблвыканкама. Яны паабяцалі, што справа будзе вырашана станоўча і нават пацікавіліся, ці паспее ён апавясціць выбаршчыкаў да прыезду Кастусёва , калі атрымае адказ 1 снежня ўвечары або 2-га раніцай. Сахаруша  сказаў, што калі  атрымае адказ пазней абяцанага, то не паспее арганізаваць сустрэчу.

2 снежня зраніцы грамадскі актывіст накіраваўся ў райвыканкам, каб даведацца пра рашэнне, але намеснік старшыні раённай выбарчай камісіі Віталь Мшар на павышаным тоне прамовіў, што ведаць нічога не ведае, і накіраваў да юрыста райвыканкама або ў прыёмную, куды Сахаруша аддаваў скаргу. У прыёмнай паведамілі, што адказ ён атрымае па пошце.

Анатоль Сахаруша лічыць, што з адказам зацягнулі наўмысна, каб ён не паспеў  паставіць у вядомасць людзей. Сустрэча запланавана на 3 снежня.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства