2 сакавіка кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч зрабіў заяву ў сувязі са збіццём кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, яго давераных асобаў і журналістаў.
Заява кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча
“Сёння ўлада прадэманстравала свае хамскія адносіны і непавагу да закона, правоў чалавека і чалавечай годнасці.
Падчас рэгістрацыі дэлегатаў так званага усебеларускага народнага сходу ў сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў супрацоўнікамі сілавых структур былі жорстка збітыя кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, яго давераныя асобы і журналісты.
Я расцэньваю дзеянні ўлады як грубае парушэнне Канстытуцыі, Выбарчага кодэксу і законаў Рэспублікі Беларусь. Згодна артыкулу 74 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, “кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь з часу іх рэгістрацыі маюць роўныя правы выступаць на перадвыбарчых і іншых сходаў, нарадах і пасяджэннях”.
У сувязі з гэтымі падзеямі я заяўляю наступнае:
Выбары сталі фарсам, дэкарацыяй. Разумеючы, што спроба А.Лукашэнкі абрацца на трэці тэрмін незаконна, улада перастала выбіраць сродкі ў дачыненні да ўсіх, хто думае інакш.
Дзеянні сілавых структур з’яўляюцца грубым парушэннем Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь. Арганізатары і канкрэтныя выканаўцы збіцця павінны несці крымінальную адказнасць, і я ўпэўнены, што раней ці пазней яны панясуць адказнасць.
Улада панічна баіцца дэмакратычных выбараў. Яна разумее, што ўжо не здольная выйграць выбары ў адкрытай канкурэнтнай барацьбе, таму ідзе на парушэнне законаў і рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх апанентаў.
Я салідарны з кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным ды іншымі людзьмі, якія пацярпелі ад незаконных дзеянняў сілавых структур. Закон і праўда па нашым баку і мы адстаім сваё права жыць у свабоднай і дэмакратычнай Беларусі."
Дадатковая інфармацыя:
Сяргей Вазняк, кіраўнік Прэс-групы - (8 0295) 62 04 22
Павал Мажэйка, прэс-сакратар - (8 0296) 60 72 99
e-mail: press@milinkevich.org