Амбасада ЗША: Беларускае тэлебачаньне дыскрэдытуе Амерыку
Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі выступіла з адмысловай заявай, у якой выказала глыбокую занепакоенасць у сувязі з нядаўнімі артыкуламі і перадачамі, у якіх дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі зрабілі ілжывыя заявы і высновы ў адносінах да ўрада Злучаных Штатаў. Найбольш абуральным прыкладам гэтай кампаніі дэзінфармацыі стала праграма Беларускага тэлебачання (БТ) пад назвай "Агент 590", якая выйшла ў эфір 7 лютага.
"У гэтай праграме робіцца недарэчнае сцвярджэнне аб тым, што ўрад Злучаных Штатаў нібыта фінансуе дзеянні суверэнных краін па арганізацыі ў Беларусі скандалаў, якія маюць на мэце дыскрэдытаваць краіну ў вачах міжнароднай супольнасці. Калі прыняць да ўвагі, што за апошнія некалькі месяцаў у дзяржаўных СМІ рэзка вырас аб'ём негатыўнай і недакладнай інфармацыі, становіцца відавочным, што ўрад Беларусі робіць спробы прадставіць у скажоным выглядзе і дыскрэдытаваць Злучаныя Штаты Амерыкі і дыпламатычнае прадстаўніцтва ЗША ў Мінску", - заяўляе Амбасада ЗША..
Амбасада яшчэ раз заяўляе, што ўся дыпламатычная дзейнасць вядзецца адкрыта і празрыста, у поўнай адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах. Урад Беларусі рэгулярна атрымлівае інфармацыю аб праграмах і дзеяннях амбасады.
"На жаль, урад Беларусі імкнецца захаваць фактычную манаполію на прадастаўленне інфармацыі беларускаму грамадству. Гэтая манаполія дасягаецца праз кантроль і фінансаванне дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і праз узвядзенне неадольных адміністрацыйных бар'ераў перад аб'ектыўнымі СМІ, колькасць якіх пастаянна змяншаецца. Амбасада хацела б падкрэсліць, што наяўнасць жыццяздольнай і незалежнай прэсы з'яўляецца неабходнай перадумовай для здаровай дэмакратыі і функцыянавання свабоднага рынку", - гаворыцца ў заяве.
Амбасада ЗША заклікае ўрад Беларусі забяспечыць беларускаму народу магчымасць свабодна атрымліваць незалежную і аб'ектыўную інфармацыю, паведаміла прэс-служба Хартыі-97.