Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка і Аляксандр Шалайка падазраюцца ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку
Супрацоўнікі КДБ працягваюць утрымліваць актывістаў апазыцыйных рухаў Цімафея Дранчука, Міколу Астрэйку і Аляксандра Шалайку, затрыманых 21 лютага. Іх падазраюцца ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Сваякам апазыцыянэраў паведамілі, што іх будуць трымаць трое сутак, а потым вырашаць іхны далейшы статус. Аддзелы інфармацыі КДБ і пракуратуры не тлумачаць на якой падставе затрымалі некалькі чалавек па падазрэньню ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Дзяжурны КДБ паведаміў радыё Свабодзе, што не валодае інфармацыяй.
Жонка Міколы Астрэйкі Паліна бачыла, як супрацоўнікі КДБ пагражалі пісталетам яе мужу: "Мы зараз ня ведаем, як перадаць ім цёплыя рэчы ды харчаваньне. Я ў шоку. Я бачыла ў вакно, як яны падбеглі да машыны і прыстаўлялі да яго пісталет. Гэта нейкі сюррэалізм. Зразумела, гэта бачылі ўсе суседзі… Яго цягнулі як нейкага небясьпечнага злачынцу".
Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін параўноўвае затрыманьні і ператрусы на кватэрах актывістаў апазыцыі ў Менску і ў рэгіёнах з аналягічнымі дзеяньнямі ўлады ў Польшчы ў 1981 годзе ў часы "Салідарнасьці": "Ідзе паляваньне на дэмакратычных актывістаў. Спроба іх запалохаць, а на іх прыкладзе і астатняе грамадзтва. Гэта дасьць адваротны эфэкт. І ўлада страціць нават тую падтрымку, якую яна пакуль мае. Трэба ж паказаць, што ў краіне ёсьць нейкія бандыты, зь якімі трэба змагацца. Гэта апраўданьне таго бязьмежжа, якое мы назіралі сёньня і, я ўпэўнены, будзем назіраць заўтра і ў іншыя дні да маючых адбыцца выбараў".
Сваякі затрыманых апазыцыянэраў 22 лютага заключаць дамовы з адвакатамі, каб тыя наведалі затрыманых. Пакуль невядома, дзе трымаюць Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку – у сьледчым ізалятары на Валадарцы, альбо ў так званай "амэрыканцы".