viasna on patreon

Збор подпісаў: Без перашкод не абыходзіцца

2010 2010-10-04T00:53:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/piket1-czarnavusa-02102010.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Баранавічы

Баранавічы

Баранавічы: Разагнаны пікеты па збору подпісаў у падтрымку Кастусёва і Раманчука

2 кастрычніка баранавіцкая міліцыя разагнала пікет па збору подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў у кандыдаты Рыгора Кастусёва і Яраслава Раманчука. Пікет на цэнтральным кірмашы (па вуліцы Чарнышэўскага) праводзіў мясцовы прадпрымальнік Мікалай Чарнавус. Ён паспеў сабраць толькі 8 подпісаў, калі да яго падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і сказалі, што ў гэтым месцы збіраць подпісы нельга і ва ўльтыматыўнай форме запатрабавалі пакінуць кірмаш. Мікалай Чарнавус адзначыў, што рашэннем гарвыканкама ад 30 верасня забаронена арганізоўваць пікеты па збору подпісаў толькі ля будынкаў органаў мясцовага самакіравання і ля тэрыторый тых арганізацыях, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва – гэта прадпрыемствы цепла, вода і энергазабяспячэння. Мікалай Чарнавус спрабаваў патлумачыць, што збіраць подпісы на плошчы, ля крамаў, на кірмашах рашэннем Баранавіцкага гарвыканкама дазваляецца, але супрацоўнікі міліцыі яго не слухалі і ў грубай форме ліквідавалі пікет па збору подпісаў.

Аднак ужо 3 кастрычніка Мікалай Чарнавус змог аднавіць збор подпісаў на тым жа месцы ў падтрымку Кастусёва і Раманчука, да яго таксама далучыўся Віктар Сырыца, які збіраў подпісы за Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча. Нягледзячы на тое, што да іх неаднаразова падыходзіў дырэктар кірмашу Віталь Рахмеджанаў, які аглядаў працу зборшчыкаў подпісаў, міліцыя на гэты раз не ўмешвалася.

 

Гомель: Сябраў ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага не пусцілі ў інтэрнат

 

3 красавіка сябры ініцыятыўнай групы па збору подпісаў у падтрымку сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» не змаглі трапіць у інтрэнат №3 Гомельскага медыцынскага ўніверсітэту, які месціцца на вуліцы Савецкай. Вахцёр Клімянкова, спасылаючыся на вусную забарону адміністрацыі ВНУ, не дазволіла зборшчыкам подпісаў прайсці ў інтэрнат. Адзін з сябраў ініцыятыўнай групы, Святаслаў Шапавалаў, вырашыў выклікаць міліцыю са спадзяваннем, што супрацоўнікі праваахоўных органаў дапамогуць прадухіліць парушэнне заканадаўства. Участковы інспектар Курыцын, які прыбыў па выкліку ў інтэрнат, прыняў ад Святаслава Шапавалава заяву і паабяцаў разабрацца з сітуацыяй. Зборшчык подпісаў у заяве папрасіў міліцыю прыцягнуць да адказнасці асоб, якія чыняць перашкоды ініцыятыўным групам.

Цікава, што на першым паверсе галоўнага корпуса Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім.Ф.Скарыны з першых дзён працы ініцыятыўных груп штодзённа праходзіць пікет па збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.

 

Полацк: Выбаршчыкаў падманваюць

Выбаршчыкаў падманваюць, гаворачы ім, што подпіс можна ставіць толькі за аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты.

Сябры ініцыятыўнай групы Алеся Міхалевіча пачалі збор подпісаў у Полацку і Наваполацку. У першы ж дзень збору подпісаў жыхары некаторых дамоў заяўлялі, што яны ўжо паставілі подпіс за кагосьці з прэтэндэнтаў у кандыдаты, і больш, як ім было сказана, ставіць свой подпіс ні за кога нельга. Назваць тых, хто ім гэта сказаў, яны ўпарта адмаўляліся.  Спробы растлумачыць людзям, што яны маюць права  адзін раз паставіць подпіс за ўсіх 17 зарэгістраваных прэтэндэнтаў, поспеху не прынеслі.

 

Слонім: Рашэнне аб месцах, дзе забаронена праводзіць пікеты, з’явілася пасля пачатку этапа збору подпісаў

 

 

Каля ўваходу на цэнтральны рынак у Слоніме ў мінулыя выхадныя дні 2 і 3 кастрычніка з’явіліся першыя пікеты збору падпісаў за вылучэнне кандытатам у прэзідэнты сустаршыні аргкамітэта па сварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага. Перад тым, як паставіць пікеты каля рынку, адзін са слонімскіх актывістаў БХД Іван Бедка патэлефанаваў у Слонімскі райвыканкам і спытаў дазволу на пікет, бо толькі ў суботу мясцовая “раёнка” апублікавала рашэнне Слонімскага райвыканкама № 785 ад 22 верасня “Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”, і таму было незразумела, дзе можна праводзіць пікеты, а дзе нельга. Супрацоўнік ідэалагічнага аддзела Слонімскага райвыканкама Канстанцін Дзятчык сказаў, што пікет каля рынку дазваляецца. Пікет пачаўся ў 10 гадзін, праз гадзіну да зборшчыкаў подпісаў далучыўся сам Віталь Рымашэўскі. Ён сказаў, што штодзень у рэспубліцы за ягоную кандыдатуру збіраецца больш за 4 тысячы подпісаў.

У нядзелю ў Слоніме з’явіўся і пікет па збору подпісаў за лідэра грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева.

Пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне іншых кандыдатаў у горадзе пакуль не праводзілася.

 

Бабруйск: Пікетаванне прайшло пад наглядам спецслужб

У нядзелю, 3 кастрычніка, на плошчы каля рынка сабраліся сябры ініцыятыўных групаў Рыгора Кастусёва, Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука і Андрэя Саннікава.

Гараджане даволі ахвотна падыходзілі да збошчыкаў подпісаў, размаўлялі з імі, задавалі пытанні і пакідалі подпісы. З боку гарадскіх уладаў ніякіх відавочных перашкодаў не было. Адзінае, што адзначылі мясцовыя дэмакраты – прысутнасць на плошчы супрацоўнікаў спецслужбаў, знаёмых па мінулых акцыях. Алена Мядзведзева, сябра ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева, пазнала ў двух мужчынах (яны знаходзіліся ля пікетоўцаў амаль увесь час) людзей, якія сачылі за ёй не толькі на мясцовых, але і “выязных” акцыях.

- Было такое, што  ў той час, як людзі пакідалі мне подпісы, падбягалі людзі, правакатары, з крыкамі “Не падпісвайце ім!”, - распавядае Вячаслаў Шэлег, сябра ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава. - Яны спрабавалі перашкодзіць не толькі нам, але і іншым групам. Хаця я б не сказаў, што яны неяк паўплывалі на меркаванне людзей.

У гэты дзень падтрымаць сваю ініцыятыўную групу ў Бабруйск прыехаў Рыгор Кастусёў.

- Людзям цікава, што яны бачаць мяне на партрэце і тут жа “жыўцом”, - дзеліцца ўражаннямі Рыгор Кастусёў. – Было заўважна, што людзі не прывыклі да пікетаў, таму ім было цікава падысці, спытаць нешта, распавесці пра сваё жыццё.

Сябры ўсіх чатырох групаў адзначылі, што засталіся задаволенымі вынікамі праведзеных пікетаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства