Слонім: “Пра склад камісіі даведаецеся, калі будзе апублікаваны спіс”
Сёння, 29 верасня, раніцай у Слонімскім райвыканкаме адбылося пасяджэнне па фармаванні раённай выбарчай камісіі. У склад камісіі, па словах начальніка ўпраўлення справамі Слонімскага райвыканкама Алены Мачалінай, увайшло 13 чалавек, сярод якіх не знайшлося месца сябру Партыі БНФ Івану Шэгу, які вылучаўся шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Прадстаўніка грамадзянаў, якія вылучылі І.Шэгу, на паседжанне не пусцілі і прапанавалі чакаць на калідоры, а пасля завяршэння паведамілі, што іх вылучэнец у склад камісіі не патрапіў. Іншай інфармацыі даведацца прадстаўніку не ўдалося.
Каб высветліць склад камісіі і чаму ў яе не патрапіў Іван Шэга, да Алены Мачалінай патэлефанаваў мясцовы журналіст, але і тут начальнік упраўлення справамі Слонімскага райвыканкама была нешматслоўнай, адказаўшы так: “Са спісам членаў раённай выбарчай камісіі азнаёміцеся ў мяцовай “раёнцы”. Спіс будзе апублікаваны на працягу 7 дзён”. Далей спадарыня Мачаліна размаўляць з журналістам не пажадала.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”