viasna on patreon

Праваабаронцы – супраць дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса

2010 2010-07-15T18:07:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krugly-stol-smi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
фота www.ucpb.org

фота www.ucpb.org

Улады Беларусі павінны прывесці дыфамацыйныя артыкулы Крымінальнага кодэкса ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды прэсы і свабоды выказванняў. Такі заклік з боку праваабаронцаў прагучаў сёння на круглым стале “Сітуацыя ў медыяпрасторы Беларусі напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі: рэаліі і перспектывы”. Вядомыя беларускія журналісты, праваабаронцы і палітыкі збіраліся, каб дамовіцца пра выпрацоўку агульнай стрэтэгіі ўзаемадзеяння падчас выбараў.

Характарызуючы ролю СМІ падчас выбарчых кампаніяў, старшыня БАЖ Жанна Літвіна адзначыла, што ў такой сітуацыі масмедыя павінны прадстаўляць людзям рознабаковую інфармацыю. Аднак палітыка ўладаў перашкаджае журналістам выконваць свае абавязкі: недзяржаўныя выданні пазбаўляюцца магчымасці распаўсюду праз шапікі, ускладняецца доступ журналістаў да інфармацыі, уводзяцца жорсткія ўмовы акрэдытацыі СМІ. Лідар БАЖ падкрэсліла, што ў недзяржаўных СМІ папросту не хапае сіл і рэсурсаў.

Кіраўнік БХК Алег Гулак падчас свайго выступу заявіў, што праз абмежаванне свабоды слова, рэпрэсіўныя механізмы улады ствараюць такую атмасферу ў грамадстве, пры якой страшна быць незалежным і актыўным. І як адну з апошніх перашкодаў у правядзенні свабодных выбараў праваабаронца адзначыў прэзідэнцкі ўказ № 60.  

У працяг тэмы прадстаўнік ПЦ “Вясна” Сяржук Сыс нагадаў прысутным пра выкарыстанне дыфамацыйных артыкулаў і законаў, што актывізуецца напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі.

“Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымінальную адказнасць за абразу і паклёп у адносінах да прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь.  Гэта так званыя дыфамацыйныя артыкулы. Указаныя артыкулы неаднаразова прымяняліся на практыцы. І часам даволі эфектыўна. Заразумела, гэта непакоіць нас зараз, перад выбарамі”, - зазначыў праваабаронца.

Толькі за апошні час па такіх артыкулах былі ўзбуджаны супраць грамадскага актывіста з Астраўца Івана Крука, выдаўца незалежнага бюлетэня “Бойкі Клецк” Сяргея Панамарова. Абразу і паклёп пракуратура ўгледзела у каментарах да артыкулаў на сайце charter97.org, супраць якога таксама ўзбуджана крымінальная справа.

Праваабаронцы ўжо неаднаразова казалі пра тое, што артыкулы Крымінальнага кодэкса РБ - 367 “Паклёп удачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, 368  “Знявага Прэзідэнта РБ”, 369 “Знявага прадстаўніка ўлады”, 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь” - і практыка іх прымянення супярэчаць палажэнням пункта 1 Артыкула 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Выкарыстанне дзяржавай у якасці механізму для рэпрэсіяў  дыфамацыйных артыкулаў насамрэч служыць не захаванню законнасці ў грамадстве альбо абароне гонару і годнасці чыноўнікаў, а  садзейнічае знішчэнню і падаўленню незалежнага друку, канстатуюць праваабаронцы.

Падчас свайго выступу Сяржук Сыс таксама ўзгадаў Закон «Аб процідзеянні экстрэмізму», прыняты ў 2007 годзе:

“На думку праваабаронцаў, гэты закон аказвае досыць негатыўны ўплыў на сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі. Бо само вызначэнне тэрмінаў «экстрэмізм», «экстрэмісцкая дзейнасць» у гэтым законе досыць туманнае і размытае, што дазваляе злоўжываць ім на практыцы. Спецслужбы паспелі ўжо ініцыяваць ўзбуджэнне некалькіх судовых працэсаў супраць друкаваных выданняў з прымяненнем закона «Аб процідзеянні экстрэмізму». Пад ціскам грамадскасці гэтыя працэсы былі спыненыя”. 

Нагадаем, што ў верасні 2008 г. суд Іўеўскага раёна прызнаў жнівеньскі нумар "Свабоды" (№ 127) экстрэміcцкім, справа была распачатая на падставе заявы начальніка УКДБ па Гродзенскай вобласці. А ў лютым 2009 г. нумар 7-8 за 2008 год часопіса ARHE быў прызнаны экстрэмісцкім судом у Брэсце.

Праваабаронцы заяўляюць, што кожная спроба грубага ціску на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і крымінальны пераслед па паклёпніцкіх артыкулах, будзе імі расцэньвацца ў кантэксце палітычнага пераследу і як ціск на журналістаў падчас падрыхтоўкі і правядзення выбарчай кампаніі. Пераслед незалежных СМІ у гэты час можна трактаваць як частку перадвыбарнай стратэгіі ўлады.

Толькі больш цесная кансалідацыя намаганняў па абароне дэмакратычнай медыяпрасторы можа у нейкай ступені абараніць свабоду слова і  права грамадства на аб’ектыўную і ўсебаковую інфармацыю. Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі разлічваюць і на сумесную працу з міжнароднымі партнёрамі ў сферы абароны свободы слова і незалежных СМІ.  Таксама дзейснай у такіх умовах праваабаронцы бачаць своечасовую і высокапрафесійную дапамогу ахвярам крымінальнага і адміністратыўнага пераследу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства