А. Бастунец: «У журналістак ёсць падставы звярнуцца ў суд»
Пракуратура Гомельскай вобласці пакуль не збіраецца вяртаць намесніцы галоўнага рэдактара «Народнай волі» Марыне Коктыш яе камп’ютэры альбо капіяваць для яе якую-кольвек інфармацыю.
Гэта вынікае з ліста, які наша калега днямі атрымала ад намесніка пракурора Гомельскай вобласці Броўкі (В. В. Бровко). Марына прасіла адмяніць рашэнне дазнаўца УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Пусева, які далучыў яе рэчы да матэрыялаў крымінальнай справы, альбо хаця б даць скапіяваць патрэбныя ёй для працы файлы.
«Падставаў для таго, каб задаволіць Ваш зварот, на дадзены момант не ўгледжваю», — гаворыцца ў пасланні, датаваным 17 чэрвеня.
У следчых зараз знаходзяцца два сістэмныя блокі ад камп’ютэраў Марыны Коктыш і флэшка.
Раней, 19 траўня, Марына ўжо прасіла дазнаўца Пусева вярнуць ёй працоўны камп’ютэр альбо скапіяваць з яго некаторыя тэкставыя файлы. 20 траўня ён адхіліў хадайніцтва — па меркаванні намесніка пракурора вобласці, «законна і абгрунтавана».
«Забраныя ў Вас носьбіты інфармацыі прызнаныя рэчавымі доказамі, на сённяшні дзень маюць дачыненне да крымінальнай справы, паколькі з іх дапамогай высвятляюцца абставіны, якія маюць значэнне для справы…», — гаворыцца ў лісце. Паводле намесніка пракурора, іх вернуць тады, «калі орган крымінальнага пераследу дакладна прызнае, што яны не здольныя высвятляць альбо абвяргаць абставіны, што падлягаюць даказванню».
Увогуле ж, «орган папярэдняга расследавання не ўпаўнаважаны паведамляць Вам, якая мае працэсуальны статус сведкі па справе, пра вынікі расследавання», — рэзюмуе намеснік пракурора.
Намеснік старшыні ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец мяркуе, што органы крымінальнага пераследу злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі. «Як прыйсці з ператрусам, забраць асабістыя рэчы ці выклікаць на допыт — тут чамусьці следства не ўзгадвае, што мае справу са сведкамі, а не з падазраванымі. А як даходзіць да таго, каб праінфармаваць, што адбываецца, — тут пракуратура раптам пра гэта „ўзгадвае“. Атрымліваецца, што людзей дапытваюць фактычна ў якасці падазраваных, але яны не маюць тых правоў, якія маюць падазраваныя. Забіраюць у іх рэчы — а яны нават не могуць даведацца, на якой падставе гэта адбылося і якія будуць наступствы. Лічу, што органы крымінальнага пераследу злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі і парушаюць прынцыпы Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, якое ставіць абарону правоў грамадзян на першае месца. У журналістак ёсць падставы звярнуцца ў суд, і ў выпадку неабходнасці БАЖ ім у гэтым дапаможа».
Крымінальная справа паводле ч.2 арт.188 КК РБ была ўзбуджана 31.12.2009 старшым дазнаўцам УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандрам Пусевым па факце з’яўлення ў Інтэрнеце паклёпу на былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.
З канца лютага беларускіх журналістак Наталлю Радзіну, Марыну Коктыш, Ірыну Халіп, Святлану Калінкіну пачалі выклікаць на допыты, праводзіць у іх кватэрах і на працоўных месцах ператрусы, забіраць носьбіты інфармацыі. Найбольшую колькасць камп’ютэраў — 8 — забралі ў рэдакцыі сайта «Хартыі-97».
У красавіку — траўні адбывалася экспертыза забранай у журналістак тэхнікі. Пасля яе заканчэння ў канцы траўня Святлане Калінкінай вярнулі ноўтбук і камп’ютэр яе сына (яшчэ адзін ноўтбук і камп’ютэр па-ранейшаму застаюцца ў следства). Наталлі Радзінай, Марыне Коктыш і Ірыне Халіп тэхнікі не аддалі, далучыўшы яе да матэрыялаў справы ў якасці рэчавых доказаў.