viasna on patreon

Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі, лічбы і тэндэнцыі

2010 2010-02-20T20:18:49+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асноўная актыўнасць мінулага тыдня выбарчай кампаніі датычылася падачы ў адпаведныя акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі заяваў аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па вылучэнні прэтэндэнтаў у кандыдаты. Тыдзень адзначыўся таксама актыўным абмеркаваннем рашэнняў мясцовых выканкамаў аб вызначэнні месцаў, дзе забаронена  пікетаванне з мэтай збору подпісаў, і месцаў для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў у падтрымку кандыдатаў. 

 

Ініцыятыўныя групы: падача дакументаў і рэгістрацыя

Згодна з Каляндарным планам, з 14 па 18 лютага асобы, якія мелі намер вылучыцца кандыдатамі ў дэпутаты шляхам збору подпісаў грамадзянаў, падавалі ў адпаведныя тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі заявы аб рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў і спісы сяброў ініцыятыўных групаў. Гэты працэс праходзіў даволі актыўна па ўсёй краіне, і па звестках, якія сакратар ЦВК Мікалай Лазавік агучыў БЕЛТА, усяго было пададзена 16 873 такіх заяваў. Сярод прэтэндэнтаў, якія вырашылі збіраць подпісы выбаршчыкаў з мэтай свайго вылучэння, нямала партыйцаў, з іх: сябры КПБ -- 111 чалавек, 71 сябра Партыі БНФ, 60 – АГП, БСДП (Г) – 30, 25 сяброў Беларускай аграрнай партыі, столькі ж сяброў партыі левых “Справядлівы свет” (25), Партыі зялёных і Беларускай сацыял-дэмакратычная Грамады -- па 3, па 2 сябры ЛДП і Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі.

Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў адбывалася на працягу пяці дзён пасьля падачы заяваў і павінна завяршыцца 23 лютага. Як толькі група атрымлівае адпаведныя дакументы, яна можа можа пачынаць збіраць подпісы. У залежнасьці ад узроўню Савету, колькасьць подпісаў павінна быць розная: прэтэндэнту ў абласны і Менскі гарадзкі Савет трэба сабраць 150 подпісаў, у раённы ці гарадскі (для гарадоў абласнога падпарадкавання) – 75, у Савет базавага роўню (пасялковы, сельскі) -- 20 подпісаў. За мінулы тыдзень многія з прэтэндэнтаў ужо атрымалі адпаведныя дакументы аб рэгістрацыі сваіх ініцытыўных групаў і пачалі працу з выбаршчыкамі.

У сталіцы дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў былі пададзены ва ўсіх выбарчых акругах. Па інфармацыі назіральнікаў, па Менску  былі зарэгістраваныя ўсе ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у кандыдаты, якія падавалі заявы, і ніякіх праблемаў падчас рэгістрацыі не ўзнікала. Што тычыцца канкрэтных лічбаў, то ў Заводскім раёне (выбарчыя акругі №№ 1 - 7) зарэгістравана 26 ініцыятыўных групаў, у Ленінскім раёне (выбарчыя акругі №№ 8 - 14) – 28, у Кастрычніцкім раёне (выбарчыя акругі №№ 15 - 20) – 22, у Маскоўскім раёне (выбарчыя акругі №№ 21 - 28) – 28, у Фрунзенскім раёне (выбарчыя акругі №№ 29 - 38) – 58, у Цэнтральным раёне (выбарчыя акругі №№ 39 - 42) – 21, у Савецкім раёне (выбарчыя акругі №№ 43 - 47) – 27, у Першамайскім раёне (выбарчыя акругі №№ 48 - 54) – 35 і ў Партызанскім раёне (выбарчыя акругі №№ 55 - 57) – 16. Такім чынам, усяго зарэгістравана 261 ініцыятыўная група, у клад якіх увайшлі 32 сябры палітычных партыяў.  

На працягу тыдня “Праваабаронцы за свабодныя выбары” атрымлівалі інфармацыю адносна дадзенага этапу выбарчай кампаніі і з рэгіёнаў. Звесткі, якія працягваюць паступаць і на цяперашні момант, дазваляюць ужо акрэсліць пэўную карціну.

У Гомельскай вобласці дакументы на рэгістрацыю падавалі больш за 2 600 ініцыятыўных групаў, з якіх большасць (больш за 2 тысячы) - у сельскія Саветы. Такая актыўнасць ініцыятыўных груп тлумачыцца тым, што ў сельскай мясцовасці ў пераважнай большасці няма буйных прадпрыемстваў і арганізацый - каб вылучацца ад працоўнага калектыва, а таксама не ўсе рэгіёны маюць зарэгістраваныя партыйныя суполкі, каб вылучыцца ад партыі. У Светлагорскім раёне трое сябраў апазіцыйных партый вырашылі вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты шляхам збору подпісаў у раённы Савет. Двое з іх прадстаўляюць Партыю БНФ, яшчэ адзін прэтэндэнт – з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сябры партыі “Справядлівы свет”, якія таксама дзейнічаюць у раёне, не падалі ніводнай заявы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы – яны збіраюцца вылучацца ад партыйнай арганізацыі.  У Жлобінскім раёне былі пададзены заявы на рэгістрацыю 13 ініцыятыўных груп па вылучэнні прадстаўнікоў дэмакратычных партый: 9 заяваў па вылучэнні ў раённы Савет і 4 заявы – па вылучэнні ў Гомельскі абласны савет. Дзевяць ініцыятыўных груп маюць намер вылучаць кандыдатамі ў дэпутаты людзей, якія з’яўляюцца сябрамі партыі “Справядлівы свет” (7 у раённы і 2 у абласны Саветы) і чатыры ініцыятыўныя групы будуць збіраць подпісы за вылучэнне прадстаўнікоў АГП: па два прэтэндэнты ў раённы і абласны Саветы. Усе яны вылучаюцца па розных выбарчых акругах.

На Віцебшчыне заявы па рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў падалі прадстаўнікі такіх апазіцыйных структур, як Партыя БНФ, БСДП (Грамада), АГП, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет",  актывісты Руху "За Свабоду". У адным шэрагу з імі ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць віцебскія актывісты  незарэгістраванай Партыі БХД, якія праявілі заўважную актыўнасць. Так, хрысціянскія дэмакраты Віцебскага рэгіёна прадставілі ў сельскія, пасялковыя, раённыя, гарадскія і абласную выбарчыя камісіі 46 заяваў па рэгістрацыі ініцыятыўных груп,  з якіх 17 у абласным цэнтры. Адначасова і ў абласной, і раённыя (гарадскія) Саветы дэпутатаў  вылучаюцца 8 актывістаў.

У Салігорскую раённую камісію ад прэтэндэнтаў у кандыдаты пададзена 36 заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў. Сярод іх чатыры незалежныя прэтэндэнты – браты Віктар і Аляксандр Яўмененкі, Аляксей Валабуеў і Валерый Шчэрбіч. Апазіцыйная партыя “Справядлівы свет” збіраюцца вылучыць прэтэндэнтаў ад мясцовай зарэгістраванай суполкі. Варта чакаць, што значная частка з 40 акругаў у Салігорску ўсё ж застанецца безальтэрнатыўнай.

У Баранавічах 44 прэтэндэнты ў кандыдаты падалі свае заявы ў Баранавіцкую тэрытарыяльную выбарчую камісію аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Найбольшую актыўнасць ад апазіцыйных партый праявілі сябры незарэгістраванай БХД - яны вылучылі 4-х прэтэндэнтаў. Ад партыі “Справядлівы свет” падавалі заявы 2 прэтэндэнты: Віктар Цяпін і Аляксандр Галькевіч. Ад Партыі БНФ – прадпрымальнік Віктар Мезяк. Падавалі заявы аб рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў і былыя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў - прадпрымальнік Мікалай Чарнавус як сябра АГП і Рыгор Грык як сябра Руху “За свабоду”. Таксама Р. Грык таксама падаваў заяву ў выбарчую камісію па Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 17, а Мікалай Чарнавус – у Баранавіцкую-Заходнюю выбарчую акругу № 21 для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па выбарам у Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў. Усе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя.

Усе ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў, якія намерваюцца вылучацца ў Мазырскі райсавет шляхам падачы збору подпісаў, былі зарэгістраваныя. У Мазырскую  раённую камісію паступіла 24 заявы  на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, сярод іх па адной ініцыятыўнай групе ад сяброў Партыі БНФ, АГП, Руху “За Свабоду”, зарэгістравана таксама ініцыятыўная група палітжаўнера Франака Вячоркі ў Мазырскі райсавет  па Станцыённай выбарчай акрузе №25.

Але не паўсюдна працэс рэгістрацыі ініцыятыўных групаў праходзіць паспяхова, фіксуюцца таксама і выпадкі адмоваў. Так, 19 лютага акруговая выбарчая камісія па Мазураўскай выбарчай акрузе №19 па выбарах у Гомельскі абласны савет дэпутатаў адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы каардынатара Руху «За свабоду» па Гомельскай вобласці Пятра Кузняцова. Прычынай адмовы было названа тое, што ў склад ініцыятыўнай групы ўваходзіць 21 чалавек, у той час калі Выбарчы кодэкс Беларусі ў дадзеным выпадку прадугледжвае колькасць ад 3 да 10 чалавек. П.Кузняцоў не пагадзіўся з рашэннем акруговай камісіі і заявіў, што будзе абскарджваць яго ў Цэнтрвыбаркаме. Ён нагадаў, што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы не можа быць перабольшванне колькасці сяброў ініцыятыўнай групы, яна можа быць не зарэгістравана толькі ў тым выпадку, калі колькасць групы складае менш 3 чалавек. П.Кузняцоў адзначыў, што аналагічная сітуацыя пад час гэтых выбараў ужо была з адным прэтэндэнтам у кандыдаты Гомельскага гарадскога Савета, колькасць яго ініцыятыўнай групы складала 17 чалавек. Групу зарэгістравалі, пры гэтым зменшыўшы колькасць сяброў ініцыятыўнай групы.

У Калінкавічах не зарэгістравалі ініцыятыўную группу па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты каардынатара па стварэнню Партыі БХД па Гомельскай вобласці Тамары Зайцавай. Жанчына мелася ісці кандыдатам у дэпутаты раённага Савета па Сасновай выбарчай акрузе №14, але пры запаўненні дакументаў дапусціла памылку — напісала не №14, а №12. На гэтай падставе ёй было адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. «Я падала дакументы на рэгістрацыю яшчэ 16 лютага. І некалькі разоў прасіла сябраў камісіі праверыць дакладнасць звестак — каб не было дробязных, але ўсе-такі памылак. Яны гэтага не зрабілі, а потым паставілі мяне перад фактам, што маю групу не зарэгістравалі. Такое рашэнне я буду абавязкова абскарджваць у Гомельскую абласную выбарчую камісію», - падкрэсліла Т.Зайцава. Разам з тым, была зарэгістравана яе ініцыятыўная група па збору подпісаў за яе вылучэнне ў Гомельскі абласны савет дэпутатаў. Як паведаміў каардынатар па стварэнню Партыі БХД у Гомелі Кастусь Жукоўскі, у абласным цэнтры рэгістрацыю ініцыятыўных груп на дадзены момант атрымалі 8 сябраў незарэгістраванай партыі, якія плануюць балатавацца ў Гомельскі абласны савет (7 чалавек па выбарчых акругах у Гомелі, і адзін — у Ветцы).

 

Ціск на прэтэндэнтаў і сяброў ініцыятыўных групаў

Інфармацыя, якая паступала падчас рэгістрацыі ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты, паказала, што ў рэгіёнах гэты працэс  не ішоў бесперашкодна. Назіральнікамі зафіксаваныя факты звальненняў з працы людзей, якія выказалі жаданне балатавацца ў дэпутаты, “апрацоўкі” сябраў ініцыятыўных групаў прадстаўнікамі мясцовай вертыкалі. У выніку некаторыя людзі адмаўляліся ад працы ў ініцыятыўных групах прэтэндэнтаў у кандыдаты, што з’яўлялася прычынай для нерэгітрацыі групаў у выбаркамах.

Так, масавы ціск на дэмакратычных актывістаў, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, зафіксаваны на Гарадзеншчыне. Паводле актывіста партыі БСДП (Грамада) Алега Рамашкевіча з Вялікай Бераставіцы, сябра ягонай ініцыятыўнай групы Яўгена Сянкевіча ўгаворвалі выйсці з яе. “Апрацоўкай” пенсіянера Сянкевіча займаўся намесьнік старшыні Бераставіцкага райвыканкаму, ён жа старшыня тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Сяргей Чыкун. Я. Сянкевіч не паддаўся на ўгаворы. 
Астравецкая раённая тэрытарыяльная выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў раённага Савета адмовіла актывісту Астравецкай раённай арганізацыі АГП Івану Круку ў рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы, паколькі некалькіх чалавек “адмовіліся” ўваходзіць у яе склад. Як высветлілася, такое рашэнне гэтыя людзі прынялі пад ціскам сябраў выбаркаму Зямніцкага М.В. і Валейка Т.Н., , якія з’яўляюцца службовымі асобамі.
У Слоніме, па інфармацыі кіраўніка раённай арганізацыі Партыі БНФ Івана Шэгі, невядомыя тэлефануюць грамадскім актывістам, прадстаўляюцца сябрамі выбарчай камісіі і прапануюць пад пагрозай страты працы адмовіцца ад удзелу ў выбарчым працэсе. 

У мястэчку Крупкі Менскай вобласці на працу да работніка ЖКГ Сяргея Клетнага нечаканага наведаліся намеснікі старшыні Крупскага райвыканкама Ўладзімір Загорскі і Мікалай Буры. Пасля размовы з імі С.Клетны паведаміў сябру АГП Ганне Бандарэнка, што не зможа працаваць у складзе ініцыятыўнай групы па вылучэнню яе  кандыдатам у дэпутаты мясцовага райсавета. А ў Баранавічах сябра Аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Аляксандр Кабяк быў звольнены з працы на наступны дзень пасля таго, як падаў дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы.

Пра маштабную хвалю ціску на на хрысціянскіх дэмакратаў па ўсёй краіне заявіла кіраўніцтва Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі падчас прэс-канферэнцыі 18 лютага ў Менску. Запланавана было вылучыць па рэспубліцы каля трохсот чалавек ад БХД, але літаральна за некалькі тыдняў іх колькасць значна паменшылася пасля запалохвання і пагрозаў з боку ўладаў. Паўсюдна ідзе ціхі непрыкменты ўціск, калі людзей палохаюць стратай працы. Такія ж меры ўціску прымяняюцца і да студэнтаў, якіх пагражаюць выключыць з навучальных установаў за ўдзел у выбарчай кампаніі. Так,  калі 20-гадовая актывістка партыі Настасся Сотнікава наведалася ў Аршанскую гарадскую выбарчую камісію, каб атрымаць пасведчанні для сяброў сваёй ініцыятыўнай групы, сябры гэтай камісіі спрабавалі адгаварыць яе ад удзелу ў выбарах. Дзяўчыну дакаралі тым, што яна не з'яўляецца сябрам БРСМ, што ёй маніпулююць дарослыя апазіцыянеры, і што яна  балатуецца дзеля атрымання грошай. Гучалі пагрозы, што яна не ўладкуецца на працу, калі скончыць механіка-тэхналагічны тэхнікум, дзе цяпер вучыцца на апошнім курсе.

 

Пікеты ў шматлюдных месцах забароненыя
Вызначэнне месцаў, у якіх забаронена правядзенне пікетаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў, з’яўляецца яшчэ адным новаўвядзеннем у Выбарчы кодэкс. І, як паказвае практыка рэалізацыя гэтай нормы заканадаўства мясцовымі ўладамі, кандыдаты аказаліся пазбаўленыя магчымасці нармальна працаваць з выбаршчыкамі. 

У розных рэгіёнах краіны дакументы з вызначэннем месцаў, забароненых для пікетавання з мэтай збору подпісаў, маюць розныя назвы, але сэнсава яны амаль не адрозніваюцца. Пад забаронай аказаліся ўсе найбольш людныя месцы ў кожным населеным пункце. У гэты пералік партапілі тэрыторыі арганізацый і прадпрыемстваў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва (чыгуначныя і аўтавакзалы, станцыі, грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, бібліятэкі, агульнаадукацыйныя ўстановы, установы гандлю і сувязі). Як правіла,  нельга збіраць подпісы на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў пракуратуры, рэдакцыяў мясцовых газет і тэлекампаній.

Прычым паўсюдна да пераліку гэтых абмежаванняў дадаюцца прыпіскі кшталту "з прылягаючай тэрыторыяй". Як далёка распасціраюцца гэтыя  "прылягаючыя тэрыторыі", выканкамы не ўдакладняюць, што пакідае магчымасці для розначытанняў. А тлустай кропкай напрыканцы такіх спісаў з’яўляецца пункт, што забараняе “месцы, у якіх у выніку правядзення збору подпісаў узнікнуць перашкоды для руху транспарту і пешаходаў”.

Як адзначаюць назіральнікі, усе самыя шматлюдныя месцы такім чынам патрапілі пад забарону. Напрыклад, у Брэсце гэта вуліцы Леніна, Савецкая, Гогаля, Міцкевіча, Маскоўская (ад Кобрынскага чыгуначнага маста да крамы “Астор-Вест”), праспект імя П.М. Машэрава, бульвары Касманаўтаў і Шаўчэнка, плошчы Свабоды і Леніна, сквер імя Н.Ф. Іконнікава, тэрыторыя “Мемарыяльнага комплека “Брэсцкая крэпасць-герой”. У Магілёве - найперш тры цэнтральныя плошчы горада: Леніна, Арджанікідзе і Савецкая. У Салігорскім раёне пад забаронай найбольш папулярныя месцы - цэнтральныя плошчы Салігорска, Старобіна і Чырвонай Слабады, парк “Чатырох стыхіяў” у райцэнтры. Падобная сітуацыя і ў іншых буйных гарадах і  мястэчках, а таксама ў сталіцы.

На думку Сяргея Альфера, спецыяліста ў галіне выбарчага права, сябра Менскай гарадской выбарчай камісіі, адпаведнасць гэтага новаўвядзення выбарчаму праву і разумнаму сэнсу наогул з’яўляецца пытаннем дыскусійным. “У Менску гэта асабліва не перашкодзіць збору подпісаў, але ў дачыненні да рэгіёнаў такі падыход створыць пэўныя цяжкасці. Вызначэнне забароненых для пікетавання месцаў прывядзе да зніжэння актыўнасці насельніцтва, калі не звядзе гэту актыўнасць да нуля, - лічыць эксперт. - Фактычна, гэта парушэнне правоў кандыдатаў на стасункі з грамадзянамі. Раней можна было збіраць подпісы выбаршчыкаў фактычна ў любым месцы, калі гэта не замінала астатнім людзям. Зараз жа кандыдаты моцна абмежаваныя ў магчымасцях, і гэта выразна ілюструе ступень "дэмакратычнага" настрою беларускай улады”.

Прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі з рэгіёнаў пацвярджаюць меркаванне сталічнага эксперта. “Раней мы самі вызначаліся з месцамі, і, канечне, выбіралі шматлюдныя пляцоўкі для збору подпісаў. Зараз жа паспрабуй, напрыклад, у цэнтры горада знайсці такое месца, каб побач не было адміністрацый, прадпрыемстваў, школ - гэта складана. Кандыдаты ад уладаў будуць ісці на выбары ў асноўным ад працоўных калектываў, таму дрэнныя ўмовы пікетавання закрануць у першую чаргу дэмакратычных кандыдатаў”, - адзначае старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў.

 

За кандыдатаў прапануюць агітаваць у бязлюдных месцах
Згодна з Каляндарным планам, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з з адпаведнымі тэрытарыяльнымі і акруговымі выбарчымі камісіямі не пазней за 16 сакавіка павінны вызначыць месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў з мэтай перадвыбарчай агітацыі за кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.
На гэтым тыдні ў некаторых рэгіёнах ўжо з’явіліся рашэнні мясцовых уладаў з вызначэннем такіх месцаў, якія адразу выклікалі шмат нараканняў як з боку кандыдатаў, так і з боку незалежных назіральнікаў, якія пачалі абскарджваць гэтыя рашэнні.

Так, назіральнік ад ТБМ у Баранавіцкай гарадской выбарчай камісіі, праваабаронца Сяргей Гоўша накіраваў скаргу пракурору горада Баранавічы Палыка І.Л. У якасці месца для правядзення перадвыбарчай агітацыі ў горадзе вызначаны стары парк культуры і адпачынку імя 50-годдзя УЛКСМ. Сяргей Гоўша заяўляе, што адведзенае месца цалкам засыпана снегам. У старым парку няма пляцовак, дзе б людзі маглі стаяць і агітаваць за сваіх кандыдатаў, там наогул ніколі не ходзяць людзі, і Баранавіцкаму гарвыканкаму гэта добра вядома. Сяргей Гоўша сцвярджае, што такія ўмовы агітацыі парушаюць правы грамадзян – як прэтэндэнтаў у кандыдаты, так і выбаршчыкаў.
Як бачым, фактычна паўтараецца сітуацыя, якая акрэслілася ў выніку вызначэння чыноўнікамі месцаў для пікетавання з мэтай збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў.

 

“Нарэзка” акругаў -- з парушэннем закону

У некаторых гарадах і мястэчках прэтэндэнты ў кандыдаты да апошняга задаваліся пытаннем “дзе вылучацца?”. Сітуацыя няпэўнасці выкліканая тым, што, па-першае, падчас нарэзкі выбарчых акругаў дапушчана шмат парушэнняў, а, па-другае, мясцовыя газеты не спяшаюцца паведамляць пра змены межаў акругаў і колькасць іх выбаршчыкаў.

Так, у Магілёве ў апісаннях выбарчых акругаў, якія былі надрукаваны ў газеце “Магілёўскія ведамасці”, выявілася шмат недакладнасцяў. Прэтэндэнт у кандыдаты ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, старшыня Ленінскай раённай арганізацыі БСДП (Грамада) Андрэй Дзвігун вымушаны быў падаць скаргу ў гарадскую выбарчую камісію. Межы акругі, па якоя ён збіраецца балатавацца, да апошняга часу так і заставаліся невядомымі: няма інфармацыі пра дамы, што ўваходзяць у межы акругі, і тыя, што застаюцца па-за гэтых межаў.

Яшчэ адно з выяўлены распаўсюджаных парушэнняў звязана з невыкананне патрабавання закону адносна колькасці выбаршчыкаў на акрузе. Артыкул 15 Выбарчага кодэкса абвяшчае: "адхіленне колькасці выбаршчыкаў у выбарчай акрузе па выбарах дэпутатаў адпаведнага мясцовага Савета дэпутатаў ад сярэдняй колькасці выбаршчыкаў, якія прыходзяцца на выбарчую акругу па выбарах у дадзены мясцовы Савет дэпутатаў, як правіла, не можа перавышаць 10%".

Больш за дзесяць акругаў з 34 у Барысаўскім раёне маюць адхіленні ад усталяванага законам правіла. Адхіленне колькасці выбаршчыкаў у больш за 10% ад сярэдняй  ёсць у акругах №№ 1, 6, 7, 9, 10, 13, 14, 22, 23, 26, 33. Прычым у некаторых акругах гэтыя адхіленні вельмі значныя. Напрыклад, у акрузе №1 колькасць выбаршчыкаў менш за сярэднюю больш як на 20%. А, напрыклад, у Віцебскай вобласці толькі ў адным з дваццаці аднаго раёна - у Бешансковіцкім - акругі “нарэзаныя” без парушэння закона.

 

Інфармаванасць насельніцтва

Артыкул 13 Выбарчага кодэкса гарантуе галоснасць падчас падрыхтоўкі і правядзення выбараў. Адным са шляхоў забеспячэння галоснасці закон вызначае “інфармаванне грамадзянаў”, аднак у многіх рэгіёнах мясцовыя дзяржаўныя СМІ і афіцыйныя сайты выканкамаў не спяшаюцца ў гэтым накірунку.
Так, напрыклад, у Гомельскай вобласці на інтэрнет-сайтах выканкамаў звесткі пра выбары ў сельскія Саветы зусім не прадстаўлены, на іншых -- вельмі нешматлікія. Напрыклад, на сайце Рагачоўскага райвыканкама на старонцы “Заканадаўства” ёсць толькі спасылка на указ аб прызначэнні выбараў і план іх правядзення, але самае патрэбнае – рашэнні мясцовых органаў улады і раённай выбарчай камісіі – адсутнічаюць, старонка “Навіны выбарчай кампаніі” тут зусім пустая.
На ўсіх сайтах райвыканкамаў Магілёўшчыны створаны падраздзелы, якія прысвечаны мясцовым выбарам. Некаторыя з іх падаюць інфармацыю аб утварэнні раённых камісій па выбарах дэпутатаў, а таксама іх склад (Слаўгарадскі, Бялыніцкі, Кіраўскі, Круглянскі, Мсціслаўскі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі і Асіповіцкі), іншыя абсалютна пустыя (Бабруйскі, Касцюковіцкі), а некаторыя проста інфармуюць, дзе знаходзіцца выбарчая камісія (Быхаўскі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Клічаўскі, Краснапольскі, Крычаўскі, Хоцімскі, Чавускі, Магілёўскі і Клімавіцкі). Прычым у апошняй катэгорыі райвыканкамаў інфармацыі, прысвечанай выбарам, часам не больш за некалькіх радкоў.
Па інфармацыі назіральнікаў, больш аптымістычна выглядае сітуацыя на Віцебшчыне. Тут уладамі задзейнічаны афіцыйныя сайты (21 сайт раённых, 4 гарадскіх і 1 абласнога выканаўчых камітэтаў). На кожным сайце ёсць або раздзел або банэр з назвай "Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў". На сайт Віцебскага аблвыканкама такі раздзел абнаўляецца паводле Каляндарнага плану арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў. Прадстаўлена на сайце і статыстычная інфармацыя ў выглядзе табліц. Аднак, у інфармацыі, якую выкладаюць на сайт, з'яўляюцца недакладнасці і памылкі, хаця, як адзначаюць назіральнікі, гэтыя недахопы аператыўна выяўляюцца і рэдагуюцца. Яны нават заўважаюць, што на сайце прысутнічае нейкі налёт дэмакратычнасці, не ўласцівы мясцовым дзяржСМІ.

Якраз ацэньваючы ролю апошніх пры асвятленні правядзення выбарчых кампаній, старшыня  Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына заявіла, што “дзяржаўныя СМІ маюць права на крытыку апазіцыйных кандыдатаў падчас выбараў”. Пры гэтым яна забылася дадаць, што такой жа крытыцы могуць падвяргацца і кандыдаты ад улады, каб забяспечыць дэмакратычны падыход і прадставіць усім роўныя ўмовы. Каментуючы выказванні Ярмошынай, вядомы палітолаг Віктар Чарноў адзначыў, што яна наогул не павінна была рабіць заяў з нагоды працы прэсы, паколькі яе выказванні могуць успрымацца і расцэньвацца як загад да дзеяння. “Журналіст можа мець свой пункт гледжання і выказваць яго ў прэсе, але гэта не значыць, што трэба ператвараць друк у трыбуну для палівання брудам апанентаў. У цяперашняй жа палітычнай сітуацыі ў Беларусі дзяржСМІ становяцца ў апазіцыю да апазіцыйных кандыдатаў, і гэта ўжо проста смешна”,  -  зазначыў Віктар Чарноў. Дзяржаўная прэса ў ідэале павінна захоўваць нейтралітэт у адносінах да ўраду, і прадстаўляць роўныя ўмовы для ўсіх палітыкаў. Тым не менш, беларускія дзяржСМІ фактычна выступаюць рупарам волевыяўлення ўлады і дыктуюць яе ўмовы на сваіх старонках, лічыць палітолаг.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства