Андрэя Пачобута ня выпусьцілі з турмы забраць жонку з раддому
У Андрэя Пачобута, які знаходзіцца пад арыштам, нарадзіўся сын Яраслаў. Бацька актывіста Саюзу палякаў Станіслаў Пачобут наведаў Кастрычніцкі РАУС Горадні і напісаў заяву, каб Андрэя выпусьцілі са спэцпрыёмніка, і ён змог бы забраць жонку Аксану з сынам Яраславам з радзільнага дому. Аднак міліцыянты заяву не задаволілі.
Сын нарадзіўся ў мінулую пятніцу, а ў панядзелак Андрэя Пачобута арыштавалі на пяць сутак разам зь Ігарам Банцарам і Мечыславам Яскевічам за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. 17 лютага каля Кастрычніцкага РАУС, пры якім існуе міліцэйскі спэцпрыёмнік, іхнія паплечнікі зь не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў правялі малітву, каб арыштаваным хапіла вытрымкі за кратамі. Вядома, што адзін зь іх, Ігар Банцар, абвясьціў галадоўку.
Усіх трох арыштаваных сябраў Саюзу палякаў павінны выпусьціць 20 лютага раніцай.