Акруговыя камісіі: Звесткі з рэгіёнаў
“Праваабаронцы за свабодныя выбары” абагульняюць звесткі з рэгіёнаў па этапу фармавання акруговых камісій па выбарах у абласныя Саветы дэпутатаў.
Акруговыя камісіі Гомеля: Прадстаўніцтва і гендэрны расклад
Найбольш прадстаўнічая «дэлегацыя» у акруговых камісіях па Гомелю — гэта настаўніцы. У Гомелі былі створаны 20 камісій па 13 чалавек у кожнай. Пераважная большасць сяброў камісій — жанчыны (164), мужчын, адпаведна — 96. Ад грамадзянаў шляхам падачы заяў у камісіі трапілі 74 чалавекі (49 жанчын і 25 мужчын). Заўважана, што шляхам падачы заяў у камісіі прайшлі і вертыкальшчыкі, супрацоўнікі адміністрацый горада. 64 сябры камісіі — прадстаўнікі грамадскіх аб'яданняў, такіх, як «Беларускі саюз жанчын», саюз афіцэраў, ветэранаў, афганцаў. Цікава, што ў камісіях па 11 жанчын з БРСМ і па 11 — з «Белай Русі». Па 7 мужчын трапілі ў камісіі ад БРСМ і «Белай Русі». 56 сяброў камісій прапанаваны ад працоўных калектываў горада, з якіх 31 прадстаўляюць дзіцячыя сады, школы, ПТВ і каледжы (а з іх 26 — жанчыны).
У акруговых камісіях Гомеля 39 прадстаўнікоў розных прафсаюзаў. Есць такі прафсаюз, як «Беларускі прафесійны саюз працаўнікоў дзяржаўных і іншых устаноў». Праз сяброўства ў такім прафсаюзе ў камісіі прайшлі мясцовыя вертыкальшчыкі, напрыклад, намеснікі старшынь раенных адміністрацый горада. А, напрыклад, намеснік старшыні адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Мікалай Малы прадстаўлены ў камісіі як сябра грамадскай арганізацыі воінаў-афганцаў.
У камісіі уключаны 27 сябраў партый, з якіх 9 жанчын (8 — прадстаўніц КПБ і адна з АГП), і 18 мужчын (з якіх 6 праўладных камуністаў, 5 — сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды, і па тры з АГП і партыі левых «Справядлівы свет»).
Мазыр: У тры акруговыя камісіі ўключаны сябры АДС
Прайшлі першыя паседжанні акруговых выбарчых камісіяў у Мазыры. У тры з іх, уключаны сябры АДС Гомельскай вобласці. Па Інтэрнацыянальнай выбарчай акрузе №41 у склад камісіі ўключаны Сяргей Лапуста (АГП), па Палескай выбарчай камісіі №43 – Алесь Гнедзька (АГП), па Прытыцкай выбарчай акрузе № 45 Галіна Гуцко (ПЛ “Справедлівы свет”). Дарэчы гэтая акруга з’яўляецца дадатковай ў Мазырскім раёне. Усяго выбарчых акругаў у абласны Савет -6.
Акруговую камісію па 41-ай акрузе ўзначаліў намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама Галюк Фелікс Фёдаравіч (мазырскім актывістам вядомы адмоўнымі адказамі на правядзенне сходаў, пікетаў і сустрэчаў з беларускімі пісьменнікамі).
Акруговую камісію па 43-й акрузе ўзначаліў яшчэ адзін намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама Бягляк Валянцін Іванавіч.
Асноўны склад акруговых камісіяў застаўся з папярэніх выбараў. Некаторых асобаў толькі памянялі акругамі. У кожную уключаны сябры КПБ, БРСМ, па 2 сябра розных праўладных прафсаюза, шмат хто з’яўляецца сябрам ГА “Белая Русь”, але ад гэтай арганізацыі уключана толькі 2 прадстаўнікі.
Усе работнікі выканкама ўключаны ў склад камісіяў вылучэннем ад грамадзян шляхам падачы заявы. Астатнія займаюць кіруючыя пасады на прадпрыемствах Мазыра і раёна.
Віцебск: У акруговых камісіях 20 прадстаўнікоў апазіцыйных партый
Шостага лютага ў Віцебску на сумесным паседжанні прэзідыўма Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта быў сфармаваны склад акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання па 60 акругах.
У паседжанні прынялі ўдзел кіраўнікі вобласці, прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбаркамаў, і таксама прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.
Падчас вылучэнняў сяброў акруговых выбарчых камісій актыўнасць праявілі грамадзяне, працоўныя калектывы, грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі - практычна ўвесь грамадскі і палітычны спектр удзельнікаў выбарчага працэсу.
Пры фармаванні камісіі фармальна ўлічаныя патрабаванні Выбарчага кодэкса аб прадстаўніцтве ў складзе камісій. Гэта, паводле патрабаванняў выбарчага закона, не меней адной траціны прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб'яднанняў і не больш адной траціны дзяржслужбоўцаў.
На разгляд прэзідыўма абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама быў вынесены персанальны склад акруговых выбаркамаў вобласці, вылучаных ад грамадзян шляхам падачы заяў, ад працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый.
Ад грамадзян у камісіі ўвайшлі 233 (32%) чалавека, ад працоўных калектываў - 126 (17%), ад грамадскіх арганізацый і палітычных партый -380 (51%). Усяго забяспечваць працу акруговых камісій у Віцебскай вобласці будуць 739 чалавек.
У камісіях прадстаўленыя такія грамадскія аб'яднанні, як "Белая Русь" -56 чалавек, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі -104, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі -60, Беларускі саюз жанчын - 28, ветэранская арганізацыя вобласці -55 і іншыя грамадскія аб'яднанні.
Партыі ў акруговых камісіях прадстаўленыя наступным чынам: Беларуская партыя левых "Справядлівы свет"-15 чалавек, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя "Грамада"-1, Камуністычная партыя Беларусі-32, Партыя БНФ-4, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці -7.
Аднак далёка не ва ўсіх атрымалася патрапіць у акруговыя выбарчыя камісіі. Палова кандыдатаў ад апазіцыйных структур так і не патрапілі ў іх склад, і найперш вядомыя палітычныя асобы. Так, не атрымалася патрапіць у адну з акруговых выбарчых камісій Віцебскай вобласці сустаршыні стваранай партыі БХД Паўлу Севярынцу, які вылучаўся ад грамадзян шляхам збору подпісаў.
На Аршаншчыне прадстаўнікі Партыі левых уключаныя ў акруговыя камісіі
На нядаўна прайшоўшым сумесным паседжанні Прэзідыўма Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама былі сфармаваныя 65 акруговых камісій па выбарах у абласныя Саветы.
Горад Орша будзе прадстаўлены ў аблсавеце 6 дэпутатамі, Аршанскі раён яшчэ двума. Па ўсіх гэтых 8 акругах Партыя левых “Справядлівы свет” вылучыла сваіх прадстаўнікоў у склад камісій.
У выніку ў склад вышэйназваных камісій былі ўключаныя 6 партыйных вылучэнцаў. Віктар Казлоўскі ўключаны ў камісію акругі № 35, Уладзімір Казлоўскі - у камісію акругі № 18, Уладзімір Палівода будзе працаваць у акруговай камісіі № 36, Мінай Карніенка - у камісіі акругі № 33, Васіль Кабачэўскі - сябра акруговай камісіі № 32, Алег Мазураў - у складзе камісіі па акрузе № 31.
Вылучаны ў склад акруговай камісіі па акрузе № 34 старшыня Аршанскай гарадской арганізацыі “Справядлівага свету” Мікалай Дзямідаў і сябра гэтай жа партыі Васіль Гоцман у склад камісій не ўвайшлі. Характэрна, што менавіта гэтыя двое ўжо былі сябрамі камісій на папярэдніх выбарах і адмовіліся падпісваць выніковыя пратаколы. З гэтым фактам яны звязваюць адмову ўладаў уключыць іх у акруговыя камісіі на гэты раз.
Баранавічы: У склад акруговых камісій прайшоў адзін прадстаўнік “Справядлівага свету”, актывісты БХД -- не трапілі
8 лютага ў Брэсцкай вобласці былі створаны акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах у абластныя Саветы дэпутатаў. Ад Баранавіцкіх апазіцыйных палітычных партый толькі прадстаўнікі незарэгістраванай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і партыі левых “Справядлівы свет” вылучылі сваіх падстаўнікоў у іх склад. Шляхам збору подпісаў у склад Баранавіцкай паўднёва-заходняй выбарчай акругі № 20 быў вылучаны актывіст БХД Аляксей Марозаў, а ў склад Баранавіцкай паўночна-усходняй выбарчай акругі № 16 была вылучана таксама актывістка БХД Таццяна Малашчанка. Раней гэтыя валанцёры БХД вылучаліся ў Баранавіцкую гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію, але не прайшлі. Не трапілі яны таксама і ў склад акружных выбарчых камісій па выбарах у абластныя Саветы дэпутатаў.
У акружныя выбарчыя камісій па выбарам у абластныя Саветы дэпутатаў ад апазіцыйных палітычных партый выбраны толькі адзін прадстаўнік партыі левых “Справядлівы свет” Рыгор Дружынін.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”