Крымінальная справа супраць Саюза палякаў
Супрацоўнікі міліцыі ўзбудзілі крымінальную справу супраць кіраўніка Дома польскага ў Івянцы Тэрэсы Собаль, якая з’яўляецца сябрам непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс.
На дадзены момант Тэрэса Собаль знаходзіцца ў якасці падазронай: супраць актывісткі непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў узбуджана крымінальная справа паводле часткі ІІ артыкула 210 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Супрацоўнікі Валожынскага РАУСа абвінавачваюць жанчыну ў злоўжыванні, якое палягае на тым, што ў 2004 годзе паводле загада тагачаснага кіраўніка Саюза палякаў Тадэвуша Кручкоўскага, Дом польскі ў Івянцы атрымаў матэрыяльную дапамогу, што фактычна і стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы супраць Тэрэсы Собаль.
Старшыня галоўнай рады Саюза палякаў Анджэй Пачобут лічыць, што дзеянні ўладаў у дачыненні да Тэрэсы Собаль носяць правакацыйны характар:
- Мінула ўжо 5 гадоў з таго часу, а гэта значыць, што мінуў тэрмін даўніны, пасля якога прыцягненне да адказнасці заканадаўствам не прадугледжана. Негледзячы на гэта, міліцыя ўзбуджае крымінальную справу, а Тэрэсе Собаль пагражае судовае разбіральніцтва, што на мой погляд выглядае, як чарговая рэпрэсія ў дачыненні да актывістаў непрызнаванай уладамі арганізацыі.
Канфлікт вакол Дома польскага ў Івянцы працягваецца некалькі месяцаў: шматлікія спробы прадстаўнікоў беларускай улады прымусіць Тэрэсу Собаль і сяброў арганізацыі перайсці ў праўладны Саюз палякаў, якім кіруе Станіслаў Сямашка, не прынеслі поспехаў, у выніку чаго праваахоўныя ворганы і ўзбудзілі ў дачыненні да актывісткі паланійнай арганізацыі крымінальную справу.