Суд адмовіў у задавальненні скаргі бярозаўскай "Спадчыны"
Гарадзенскі абласны суд вынес рашэнне па скарзе сяброў культурна-асветніцкага аб’яднання з Бярозаўкі “Спадчына”. Грамадскія актывісты абскарджвалі адмову упраўлення юстыцыі ў рэгістрацыі арганізацыі.
Суд адмовіў у задавальненні скаргі, падцвердзіўшы такім чынам правільнасць рашэння упраўлення юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама. Аднак, з трох пунктаў, па якіх было адмоўлена ў рэгістрацыі, суддзя Вячаслаў Міхневіч пакінуў толькі 1 - у статуце арганізацыі не пазначаны парадак страты сяброўства. На думку праваабаронцы Юрыя Чавусава, такая адмова дае пэўныя спадзевы на станоўчае вырашэнне пытання ў Вярхоўным судзе, куды бліжэйшым часам будзе накіраваная скарга:
- Мне падаецца, што ў заяўляльнікаў цяпер добрая пазіцыя, таму што засталася адна падстава, па якой адмоўлена ў рэгістрацыі, прычым, гэта падстава дыскусійная, па ёй можна спрачацца і высоўваць аргументы, да якіх Вярхоўны суд можа прыслухацца.
Як адзначаюць беларускія праваабаронцы, апошнім часам улады больш жорстка падыходзяць да справы рэгістрацыі пазаўрадавых арганізацый, што сведчыць у першую чаргу аб поўнай адсутнасці лібералізацыі ў гэтай галіне.