Алег Трусаў: «Армія абавязаная перайсці на беларускую мову»
Днямі стала вядома, што камандаванне вайсковай часткі ў Мазыры вынесла дысцыплінарнае спагнанне гвалтоўна прызванаму ў армію моладзеваму лідэру.
У якасці пакарання Франаку Вячорку будзе скарочаны адпачынак за ўвесь перыяд службы да 5 сутак. Паводле інфармацыі Вячорка пакараны за выкарыстанне каманды, аддадзенай на беларускай мове - "Зважай!" замест расейскамоўнага "Смирно!".
Ініцыятыва пакарання належыць псіхолагу часткі, старэйшаму лейтэнанту Дзянісу Казаку. Адказнасць за пакаранне нясе намеснік камандзіра батальёна па ідэалогіі маёр Уладзімір Ігнацік.
Пракаментаваць гэтую сітуацыю карэспандэнт Euramost.org папрасіў старшыню Таварыства беларускай мовы Алега Трусава.
- На ваш погляд, ці павінны беларускія ўзброеныя сілы пераходзіць на беларускую мову?
- Яны не тое, што павінны - яны абавязаныя гэта зрабіць! Калі гэта сапраўды армія незалежнай дзяржавы. У такой арміі беларуская мова павінна мець не менш правоў, чым расейская. Але гэта толькі на першым этапе. А потым - і пераважнае права. Без пытанняў! Так і будзе раней ці пазней.
- Чаму ж, калі паглядзець на выпадак з Франакам Вячоркам, вайсковае кіраўніцтва так катэгарычна супраць беларускай мовы?
- За выкарыстанне дзяржаўнай мовы караць нельга. Але калі гэта праўда, дык трэба Франаку падаваць у суд на кіраўніка часткі, і можна гэтую справу выйграць. Чалавек дзяржаўнай беларускай мовай можа карыстацца ў любых абставінах. І ніхто не можа яму гэтага забараніць. У любым выпадку, я, калі атрымаю гэтае паведамленне, дык зраблю запыт Генеральнаму пракурору Васілевічу. Хай ён разбіраецца з гэтым.
- Вы ўжо ўзнімалі "на высокім узроўні" пытанне недастатковай колькасці беларускамоўных праграмаў і перадачаў на айчынным тэлебачанні. Здаецца, гэта нават мела пэўны вынік, і такіх праграмаў хоць і нязначна, але стала больш у апошні час. Ці не думалі над тым, каб і пытанне пераходу беларускай арміі на родную мову таксама ўзняць перад кіраўніцтвам краіны?
- Я гэтым займаюся шмат гадоў і вяду на гэтую тэму перапіску з міністрам абароны Мальцавым. Фармальна, Мальцаў згодны. Тым больш, што ён сам беларус са Слонімшчыны і беларускай мовай валодае добра. Ён, здаецца, беларускую вясковую школу скончыў. Як, дарэчы, і былы міністр Казлоўскі. Таму, усё залежыць, па-мойму, ад саміх людзей. І з'яўленне гэтых апазіцыянераў у арміі - вельмі станоўчая з'ява. Яны, фактычна, разбураюць гэтую масу, якая згодная хоць па-кітайску служыць. Улада зрабіла памылку, што загнала апазіцыянераў у армію, і я думаю, што яны гэты маналіт разбураць. За што ім вялікі дзякуй.