Актывіста Партыі БНФ звольнілі з працы за адмову ўступаць у «Белую Русь»
Пасьля таго, як супрацоўнік Кобрынскай ЖКГ Аляксандр Страчук адмовіўся ўступаць у арганізацыю «Белая Русь», зь ім не працягнулі працоўны кантракт.
Студэнт-завочнік Берасьцейскага пэдагагічнага ўнівэрсытэта, актывіст Партыі БНФ Аляксандр Страчук у час летняй сэсіі атрымаў паведамленьне, што зь ім не працягваюць працоўны кантракт. Малады чалавек працаваў у Кобрынскай ЖКГ напрацягу году. Працоўны кантракт сканчваецца 7 жніўня, і паведамленьне пра яго непрацяг Аляксандра Страчука зьдзівіла.
«Прэтэнзій на прадпрыемстве да мяне не было, - распавядае Аляксандр Страчук. - Пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту нават абяцалі падвучыць. У любым выпадку, калі б у кіраўніцтва ЖКГ былі да мяне прэтензіі, мяне б выклікалі і адлічалі. Але нічога гэтага не адбывалася».
Сваё звальненьне Аляксандр Страчук зьвязвае з адмоваю ад уступленьня ў праўладную арганізацыю «Белая Русь», якую ўзначальвае міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.
«За два дні да сэсіі нам прапанавалі ўступіць у «Белую Русь», - заявіў актывіст Партыі БНФ. - Я б сказаў, што прапанавалі ў «добраахвотна-змушаным» парадку. Кіраўнікам кожнага аддзелу далі дзьве заявы: адну – на ўступленьне ў «Белую Русь», а другую, што ты згодны, каб зь цябе бралі сяброўскія ўнёскі. Калі кіраўнік майго аддзелу давала заяву, яна сказала, што ўступаць у «Белую Русь» трэба абавязкова, ледзь не пад пагрозай звальненьня. Я адразу заявіў, што ўступаць ня буду, бо гэта супярэчыць маім палітычным поглядам».
Паводле словаў Аляксандра Страчука, многія супрацоўнікі Кобрынскай ЖКГ выражалі абурэньне неабходнасьці ўступаць у «Белую Русь». Аднак заяву падпісывалі. У сваю чаогу Аляксандр Страчук вярнуў кіраўніцтву пустыя блянкі. Пасьля гэтага яму паведамілі, што зь ім не працягваюць кантракт.
Як заявіў актывіст Партыі БНФ, ён ман намер пісаць заяву на працяг працоўнага кантракту і абскардзіць звальненьне.