viasna on patreon

Заява Рады ГА «БАЖ» з нагоды выкарыстання закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» дзеля абмежавання свабоды выказвання

2009 2009-03-03T11:21:23+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае пратэст з нагоды працягу выкарыстання закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» для абмежавання свабоды слова.

 

25 лютага суд Маскоўскага раёна г. Брэста прызнаў № 7–8 часопіса «ARCHE-Пачатак» экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія падлягаюць знішчэнню, тым самым задаволіўшы заяву Упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці. З больш чым 1000 старонак часопіса экстрэмісцкімі УКДБ палічыла 4 фразы. Экспертыза не праводзілася, судовае рашэнне было вынесена на падставе заключэння УКДБ. Слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме і доўжыліся ўсяго гадзіну. У залу суда не дапусцілі нават заснавальніка «ARCHE-Пачатак» Андрэя Дынько. У законную сілу рашэнне пакуль не ўступіла.

 

Працэс прызнання двух нумароў часопіса экстрэмісцкімі матэрыяламі распачала брэсцкая мытня, якая і перадала часопісы ва УКДБ. Па гэткай жа схеме раней распачыналіся справы аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйнай прадукцыі ў Гродзенскай вобласці. Пасля прыпынення судамі тых спраў напрыканцы мінулага года ўзнікла надзея, што законы аб супрацьдзеянні экстрэмізму і тэрарызму перастануць выкарыстоўвацца для абмежавання распаўсюду інфармацыі ў краіне. Аднак пакуль гэтыя чаканні не спраўдзіліся.

 

Лічым практыку прымянення законаў аб экстрэмізме і тэрарызме недазваляльным і беспадстаўным умяшаннем дзяржаўных органаў у свабоду выказвання, якая гарантуецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававымі абавязкамі нашай дзяржавы. Выказваем занепакоенасць самой наяўнасцю судовых працэсаў па такіх фактах — тым больш ва ўмовах распачатага дыялогу паміж Беларуссю і Еўропай.

 

Звяртаем ўвагу на яўна пашыральнае тлумачэнне Упраўленнямі КДБ закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і выкарыстанне яго супраць крытычных заўваг і аналітычнай думкі ў краіне. Нагадваем, што часопіс «ARCHE-Пачатак» — адзіны беларускі часопіс, запрошаны ў еўрапейскую сетку інтэлектуальных часопісаў «Eurozine».

 

Заклікаем кампетэнтныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь забяспечыць захаванне законнасці і выкананне міжнародна-прававых абавязкаў Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды слова.

 

Прынятая на Радзе ГА «БАЖ» 27 лютага 2009 года

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства