viasna on patreon

БСДГ Шушкевіча можа стаць першай ахвярай пераводу партыйных суполак у нежылы фонд

2005 2005-06-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як сведчыць Радыё Свабода, у сувязі з выкананьнем загаду Міністэрства юстыцыі аб пераводзе суполак партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў з жылога ў нежылы фонд пацярпелі арганізацыйныя структуры ўсіх апазыцыйных партыяў. Найбольшая ж пагроза паўстала перад БСДГ – яна можа быць ліквідаваная.

З 90 структураў БСДГ толькі дзьве разьмяшчаюцца ў нежылых памяшканьнях. Нават цэнтральны орган партыі быў зарэгістраваны ў кватэры. Выканаць патрабаваньне Мін’юсту БСДГ аб пераводзе ўсіх партыйных структураў у нежылы фонд партыя ня можа з матэрыяльных прычынаў — штомесяц за арэнду памяшканьняў для 90 офісаў трэба было б плаціць 8 тысяч эўра, падлічыў лідэр БСДГ Станіслаў Шушкевіч. Ён аспрэчыў апошнія рашэньні Мін’юсту ў лісьце міністру Галаванаву, назваўшы ягоную трактоўку патрабаваньняў Жыльлёвага кодэксу нелягічнай, незаконнай і несправядлівай, “эканамічным уціскам, які робіць існаваньне палітычных партыяў немагчымым”.

Шушкевіч: “Гэта, прабачце, ардынарны антыпартыйны палітычны крок. Мы ня знойдзем такіх грошай, каб існаваць партыі, пастаўленай у такія антызаконныя ўмовы… Мы будзем існаваць так, як існуе Партыя працы Бухвостава, толькі яна зь іншых прычынаў закрытая”.

Іншыя апазыцыйныя партыі таксама пацярпелі, страціўшы да 50% аргструктураў, як Партыя камуністаў Беларуская. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін паведаміў, што ў тым ліку будзе страчана дваццаць раённых арганізацыяў, і там могуць узьнікнуць праблемы падчас выбарчых кампаніяў.

Пацерпіць ад апошніх рашэньняў Мін’юсту і трэці сэктар. Юры Чавусаў, каардынатар сыстэмы калектыўнай абароны няўрадавых арганізацыяў, паведаміў, што каля 200 грамадзкіх арганізацыяў мелі асноўныя юрыдычныя адрасы на прыватных кватэрах. Многія іншыя мелі ў жылым фондзе свае першасныя суполкі: “Пераважная большасьць дэмакратычнай плыні грамадзкіх аб’яднаньняў страціць легальны статус. Гэта чарговае выпрабаваньне для трэцяга сэктару напярэдадні наступнай палітычнай кампаніі. Але я думаю, што гэта ня будзе накдаўнам для нашых арганізацыяў”.

Лідэр паўтара году таму закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі перакананы, што ўлады выціскаюць няўрадавыя арганізацыі ў паўпадпольныя ўмовы, але забараніць іх сябрам займацца грамадзкімі справамі яны ня здольныя.

У Міністэрстве юстыцыі тым часам паведамілі, што ўсе партыйныя і грамадзкія структуры, зарэгістраваныя ў жылым фондзе, цяпер зьнятыя з уліку. Цяпер вядзецца іх падлік і аналіз сытуацыі. Прадстаўнік міністэрства Алег Сьліжэўскі нагадаў, што ўлады пайшлі на гэтыя захады пасьля шматразовых напамінаў аб неабходнасьці прывядзеньня юрыдычных адрасоў у адпаведнасьць з Жыльлёвым кодэксам. Паводле спадара Сьліжэўскага, падобныя парушэньні былі ў большасьці палітычных партыяў і 10% грамадзкіх аб’яднаньняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства