viasna on patreon

Першыя перамогі пратэстуючых сухотнікаў

2008 2008-06-06T15:31:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Канфлікт у Багушэўскім абласным сухотным шпіталі, што ў Віцебскай вобласці, пачаў набываць усё большую вядомасць, і ўлады, каб не даць непрыемнай інфармацыі шырокага распаўсюду, пайшлі на саступкі хворым.

Найперш з'явілася спроба ўлагодзіць галоўных бунтарнікаў - сухотнікаў Наталлю і Валерыя Драбышэўскіх. Да іх прыехала галоўны ўрач Аршанскага сухотнага дыспансера Нэлі Сіпайла. Яна азнаёмілася з умовамі жыцця хворых і паведаміла пра небяспеку, якую яны нясуць сваёй дзевяцігадовай дачцэ.

- Аднак калі нас выпісвалі, - кажа Наталля Драбышэўская, - ніхто не думаў пра гэту небяспеку для здароўя дзіццяці. Мала таго, што мы хворыя на сухоты, можам заразіць, так і нармальных умоў не маем - у нас няма гарачай вады.

Затым Наталлю і Валерыя выклікаў да сябе кіраўнік аргметадкабінета Віцебскага аблвыканкаму Павел Грыдзель:

- Ён папракаў нас тым, што мы выйшлі са сваёй праблемай на незалежныя СМІ, і паабяцаў мне амбулаторнае лячэнне, а майму мужу, які хворы на сухоты цяжэй за мяне, прапанаваў лячэнне ў Наваеленскім шпіталі. А пакуль, паводле яго слоў, Валерыю кожныя тры дні будуць прывозіць Аршанскага шпіталя неабходныя таблеткі, - распавяла Наталля.

Нагадаем, што прапанаваны Наваеленскі сухотны шпіталь мала чым адрозніваецца ад Багушэўскага. На пачатку бягучага года там галадалі хворыя ў знак пратэсту супраць нездавальняючых умоў абслугоўвання. Ну а наконт абяцанняў кіраўнікоў медычных службаў Валерый Драбышэўскі сказаў:

- Яны нібыта ідуць нам насустрач, каб шум не паднімалі. Гатовы размеркаваць нас па ўсёй рэспубліцы, абы толькі не ў Багушэўскі шпіталь. Але ж мы і самі туды больш не хочам.

Паводле Наталлі Драбышэўскай, якая ў сваю чаргу спаслалася на кіраўніка аргметодкабінету, з'явіўся загад намесніка міністра аховы здароўя абнесці Багушэўскі шпіталь бетоннай агароджай і паставіць міліцэйскі пост. На гэта даў свой каментар праваабаронца Васіль Леўчанкаў:

- Гэта ж так баяцца выхаду інфармацыі, што гатовы бетонную агароджу паставіць. Ды яшчэ з міліцыянтамі! Іх у нас, канешне, хапае. І метады не новыя. Але лепш бы пусцілі грошы на лекі, на паляпшэнне побыту.

Нам удалося звязацца з сухотным шпіталём, дзе адна з хворых, якая не пажадала сябе называць, распавяла:

- Нас хочуць перасяліць у новы корпус, ён яшчэ не гатовы, а ў гэтым, дзе мы, зрабіць рамонт. Цяпер трошкі лепш стала, нам пачалі даваць па кавалачку памідора і па паўагурка. Раней два разы на тыдзень дадуць ложку бурака - і ўсё, а цяпер пачалі сяк-так карміць. А медычнае абслугоўванне якое было, такое і засталося. Увогуле асабліва нічога не памянялася.

У сваю чаргу галоўны ўрач Багушэўскага шпіталя Наталля Лясная сказала:

- У нас усё вельмі добра. І лекаў хапае, і харчаванне сяміразовае. Няма чаго каментаваць. Усё добра.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства