«Працэс 14-ці». Дзень чацьвёрты.
16:24 Арцём Дубскі: "Суд палітызаваны і мае канкрэтных заказчыкаў".
616:22 Тацяна Цішкевіч: "Паказаньні міліцыі разваліліся пасьля відэа. У залі паседжаньняў творыцца цырк, а па-за ім -- бясчынства".
16:18 Алесь Бондар: "Я ганаруся аказацца на лаве падсудных з гэтымі людзьмі"
16:11 Міхаіл Крываў: "Гэта ганьба, што такі працэс адбываецца ў 21 ст. у эўрапейскай краіне. Судзьдзя павінна зрабіць складаны маральны выбар".
16:00 Алесь Стральцоў: "Наша віна не даказаная. Алесь Чарнышоў: я кіраваўся правам, якое дае мне Канстытуцыя."
15:33 Уладзімер Сяргееў. "Апошнія 14 гадоў усе падзеі ў нашай краіне ёсьць масавымі беспарадкамі. Указ № 760 тычыць усіх грамадзян Беларусі".
15:27 Абвінавачаныя сталі выступаць з апошнім словам. Міхаіл Пашкевіч: Мы вінаватыя, бо перайшлі ад кухоннай дэмакратыі да вулічнай. У 1930 г. мой дзед, сябра КПЗБ, сядзеў у Бярозе-Картузскай.
15:10 Выступілі адвакаты. Адвакатка Гарбаток: у якасьці сьведкаў выступалі выпадковыя людзі.
Марыяна Сімешка: відэа абвяргае абвінавачваньне. Павал Сапелка: Чым болей доўжыцца працэс, тым меней падрыхтаваным выглядае абвінавачаньне.
Усе настойваюць на апраўданьні падсудных.
13:00 У працэсе абвешчаны перапынак.
12:50 У сваім выступе пракурор сказаў, што віна падсудных цалкам даказаная, а ў працэсе было больш эмоцый, чым здаровага сэнсу.
Выступілі таксама адвакаты Аляксандар Галіеў Галіеў і Тамара Сідарэнка.
Аляксандар Галіеў сказаў, што паказаньні некаторых сьведкаў больш нагадвалі словы вясковых агітатараў, якія начыталіся «Савецкай Беларусіі». Ён заявіў, што відэаматэрыялы былі сумніўнымі, бо складаліся з «нарэзкі кліпаў». На думку адваката, такія строгія прысуды служаць для таго, каб запалохаць, каб маладзёны не вылучаліся з шэрай масы згодных. Адвакат таксама сказаў, што абвінаваўчы прысуд у гэтай справе яшчэ раз адкіне Беларусь у разьвіцьці ад нашых суседзяў. Але, як вобразна выразіўся Галіеў, усё адно «белае заўсёды перамагае шэрае».
Адвакат папрасіў суд вынесьці апраўдальны прысуд сваім падабаронным.
Адвакатка Андрэя Кіма Тамара Сідарэнка заявіла, што справа выглядае зрэжысэраванай, пачынаючы ад выбару абвінавачаных, сканчаючы адмовай запускаць у залю сваякоў і блізкіх фігурантаў справы. Яна зьвярнула ўвагу, што Кім ужо быў пакараны за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, і яна ня бачыць падстаў караць яго яшчэ раз за адзін і той жа учынак.
12:20 Пракурор патрабуе
* Андрэю Кіму 2 гады турмы, * Аляксею Бондару і Арцёму Дубскаму, Міхаілу Пашкевічу — 2 гады хіміі, * іншым — 2,5 году хіміі, але без накіраваньня ў месцы адбыцьця пакараньня.
Уладзімер Сяргееў, Антон Койпіш, Тацяна Цішкевіч, Алесь Стральцоў, Міхаіл Крываў і Алесь Чарнышоў, па меркаваньні пракурора, маюць адбываць пакараньне па месцы сваёй працы.
11:40 Чарговы дзень працэсу ў справе ўдзельнікаў студзеньскай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў распачаўся са спазьненьнем. На пачатку паседжаньня судзьдзя адмовілася дапытаць сьведкаў з боку абвінавачаных, бо судовае сьледзтва скончылася.
Пачаліся судовыя спрэчкі.