Пачаўся суд над Касяй Салаўёвай
13.20. Паплечнікам мітынгоўцаў удалося утварыць жывы ланцуг, каб пасадзіць удзельнікаў акцыі ў аўтамабіль, які адразу зьехаў ад будынку суду. Атрымалася, што ў падагнаны аўтазак не было каго садзіць. (Радыё ”Свабода”)
13-06. Прысуд Касі Салаўёвай будзе абвешчаны ў 17-30. У судзе перапынак да гэтага часу.Каля будынку суда пяцёра актывістаў селі на зямлю. Каля іх амапаўцы і моладзь, якая спрабуе абараніць хлапцоў і адвесці ў бяспечнае месца. Тым часам да людзей пад’ехаў аўтазак. Міліцыя вырашае, якім чынам затрымаць актывістаў, сярод якіх адзі з братоў Шылаў. Кажуць, што затрыманы Аляксей Янушэўскі.
12.50. Пасьля перапынку пракурор запатрабаваў для Касі Салаўёвай штрафу у памеры 200 базавых велічыняў. Тым часам на вуліцы людзі скандуюць у падтрымку актывісткі. Міліцыя і перапранутыя спецслужбоўцы пачалі затрымліваць найбольш актыўных мітынгоўцаў.
12.10. Суддзя Марозава пачала зачытваць матэрыялы справы. У калідоры каля судовай залі прысутныя ўступілі ў палеміку з карэспандэнтам БТ. Людзі выказвалі сваё абурэньне і абвінавачвалі дзяржаўны тэлеканал у паклёпе і распаўсюдзе ілжывых зьвестак. У выніку супрацоўнікам міліцыі давялося завесьці апэратара і карэспандэнта ў куток, каб выключыць нейкія інцыдэнты. У судзе дапыталі сьведак - выхвальніцу інтэрнату і двух студэнтак. Адна са сьведак сказала, што ў судзе спыталі, ці ведала яна, што "Малады фронт" ёсьць апазыцыйнай арганізацыяй і ці агітавала Кася сваіх суседак уступаць у "Малаы фронт". (Радыё “Свабода”).
11.55. Людзей, якіх дагэтуль не прапускалі нават у памяшканьне суду, пачалі прапускаць у будынак. Аднак па-ранейшаму у судовай залі знаходзяцца толькі 11 чалавек. Магчыма пасьля перапынку на суд могуць прапусціць яшчэ некалькі чалавек.
11.45. У Полацкім судзе пачаўся допыт сьведак. Вядома, што гэта студэнткі, якія жылі ў інтэрнатаўскім пакоі з Салаўёвай.
Пад час судовага працэсу ў залю правялі сакратара амбасады ЗША Луіса Крышака, а таксама бацькоў Касі Салаўёвай.
11-36. Перад пачаткам судовага працэсу адвакат Аляксандр Галіеў зачытаў адкрыты ліст Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і зліквідаванага ўладамі праваабарончага аб’яднаньня “Вясна” з асуджэньнем артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу і патрабаваньнем правесці справядлівае судовае разбіральніцтва. Гэты ліст суддзя далучыла да справы.
11-26. Да матэрыялаў справы далучаныя таксама 263 асобнікі праваабарончага бюлютэня “Права на волю”, які нібыта распаўсюджвала актывістка.
11-20 У сваім слове Кася Салаўёва патлумачыла суддзі свой удзел у незарэгістраваным “Маладым фронце” жаданьнем браць удзел у адраджэньні беларускай мовы і культуры. Яна нагадала у судзе, што пры гэтай уладзе беларуская мова можа ператварыцца ў латынь.
11-15. Вольныя месцы ў судовай залі спрабавалі заняць студэнтамі Полацкага дзяржаўнага універсітэта. Прарэктар па ідэалогіі Цыганкоў прывёз калі 15 дзяўчат, але абураныя людзі прысаромілі студэнтак, якія паспешліва сыйшлі ад памяшканьня суда.
11-05 Суддзя Марозава цытуе дзёньнікавыя запісы Касі Салаўёвай, якія далучаны да матэрыялаў справы: “ …але я са свайго боку зраблю ўсё ад мяне залежнае, каб зруйнаваць гэты рэжым”.
10-50. У Полацку не знайшлося большага памяшканьня, таму ў залю для судовых пасяджэньня пусьцілі толькі 9 чалавек. Сярод іх - Аляксандр Мілінкевіч, Інна Кулей, Алесь Бяляцкі, некалькі журналістаў. Большасьць прысутных, нават сваякоў Касі, у залу не дапусьцілі, хакця там і засталтся вольныя месцы.
Суддзя суду горад Полацка Марозава прад’явіла абвінавачваньне ў парушэньні арт. 193‑1 Крымінальнага кодэксу РБ «Удзел у незарэгістраванай арганізацыі».
Адвакатам на працэсе выступае Аляксандар Галіеў.
Нагадаем, падтрымаць Касю Салаўёву прыехалі каля 50-ці чалавек, сярод якіх лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, сустаршыня БХД Павел Севярынец, палітыкі Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч, Алесь Макаеў, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч, саветнік амбасады ЗША Джонатан Мур.
У Полацкім гарадскім судзе пачынаецца суд над моладзевай актывісткай Касяй Салаўёвай. У гэты час каля будынку суда сабралася каля 50 чалавек, якія прыехалі падтрымаць “маладафронтаўку”. Аднак міліцыянты папярэдзілі журналістаў і палітыкаў, што ў судовай залі месца толькі на 15 чалавек. Людзі ўголас выказваюць незадаволенасьць і жадаюць патрапіць на працэс.
Як стала вядома ПЦ “Вясна”, зараз у Полацкім судзе спрабуюць знайсці памяшканьне большага памеру.
Між тым ля памяшканьня суду дзяжураць узмоцненыя патрулі міліцыі. Былі таксама заўважаны патрульныя аўтамабілі ДАІ на пад’ездах да Полацку.