Да справы Андрэя Кіма далучылі яшчэ адну “крыміналку” (фота)
1 красавіка а 14-й гадзіне ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы моладзевага актывіста Андрэя Кіма. У залі – Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Алесь Бяляцкі, Мікола Статкевіч, прадсташнікі амбасадаў. Справу разглядае судзьдзя Алена Ільіна, адвакатка – Сідарэнка.
Напачатку судовага разгляду забаранілі фота і відэаздымку, з залі выдалілі 3 журналістаў, якія не паслухаліся.
Адкакат Андрэя Кіма сп-ня Сідарэнка заявіла хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня падабароннага: з утрыманьня пад вартай пад вызваленьне пад залог. Паручальнікамі выступаюць маці Андрэя - Тацяна Кім і прадпрымальнік Ігар Леднік.
Дзяржаўны абвінаваўца Лук'янаў заявіў хадайніцтва аб злучэньні двух крымінальных справаў, заведзеных у дачыненьні да Андрэя Кіма, у тым ліку і справы па выніках мітынгу прадпрымальнікаў 21 студзеня. Адвакатка выступіла супраць гэтага, “пацярпелы” міліцыянт Юры Сычоў ня супраць. У судзе абвешчаны перапынак, паведамляе "Наша ніва".
Тым часам людзі, што стаяць пад вокнамі суду (усяго каля 20 чалавек), расьцягнулі расьцяжку "Свабоду Андрэю Кіму" і таксама ў голас патрабуюць адпусьціць хлопца. Да пратэстуючых на вуліцы спусьціліся амапаўцы. Спэцназаўцы паспрабавалі адабраць расьцяжку, але нічога не атрымалася. Моладзь адышлася не некалькі метраў ад будынку суду ў бок стадыёна "Дынама" і стаіць, трымаючы над галавой партрэты А. Кіма, каб гэта было бачна з залі суду. Моладзь скандуе: "Свабоду Андрэю Кіму", "Жыве Беларусь!", "Моладзі свабоду".
Людзей, што мітунгуюць насупраць будынка суда, выцясьняюць з боку прыступак суду ў раён вуліцы Леніна. Сутычка адбылася пасьля таго, як сівы чалавек у цывільным аддаў загад. Дзьве крымінальныя справы па артыкулах 364 і частка 1 арт 342 Крымінальнага Кодэксу РБ ў дачыненьні да Андрэя Кіма аб'ядналі, але меру стрыманьня не зьмянілі.
Такім чынам, суд над Андрэем Кімам працягнецца разам з 9-цю іншымі абвінавачанымі па справе 10 студзеня.