viasna on patreon

Падтрымаем Андрэя Кіма!

2008 2008-03-31T14:15:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mh600.jpg
Палітвязень Андрэй Кім

Палітвязень Андрэй Кім

1 красавіка у 14:00 ў судзе Цэнтральнага раёну горада Менска пачнецца палітычная расправа над моладзевым грамадзкім актывістам, сябрам “Ініцыятывы”, Андрэям Кімам. 22-х гадовага хлопца абвінавачваюць у “«гвалце альбо пагрозе гвалту супрацоўніку міліцыі» паводле арт.364 КК РБ.

Андрэй Кім быў затрыманы за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў, якія адбыліся 10-га й 21-га студзеня. Хлопец быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнга арышту. З-за таго, што на Андрэя была ўзбуджаная крымінальная справа яго ня вызвалілі са спэцпрыймальніку-разьмеркавальніку, а замест гэтага ён быў пераведзены ў СІЗА па вуліцы Валадарскага. Супрацоўнік ДАІ сьцьвярджае, што Андрэй нібыта ударыў яго падчас масавай акцыі дробных бізнэсоўцаў 10-га студзеня. У сувязі з тым, што аніякіх доказаў і сьведчаньняў таго, што 22-х гадовы хлопец нібыта зьбіў супрацоўніка міліцыі не было прадстаўлена, відавочным зьяўляецца той факт, што крымінальны перасьлед Андрэя Кіма – гэта чарговыя рэпрэсіі аўтарытарнае ўлады супраць незалежнае беларускае моладзі. Такім чынам рэжым спрабуе зрабіць з чалавека, якія адкрыта выказваў сваю палітычную пазыцыю, зьяўляўся ўдзельнікам шматлікіх акцыяў пратэсту супраць дыктатарскае сыстэмы ў краіне, а таксама ўдзельнічаў у працы “Ініцыятывы”, простага крымінальга злачынцу. Такога кшталту сфальсыфікаваныя крымінальныя справы, на вялікі жаль, сталі звычайным сродкам барацьбы ўлады з моладзевым супрацівам.

Зараз 22-х гадоваму Андрэю Кіму пагражае паводле арт.364 КК РБ да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Акрамя гэтага пазьней была ўзбуджаная новая крымінальная справа супраць 14-ці актыўных удзельнікаў акцыі 10-га студзеня. Незаконнае абвінавачваньне было вынесенае таксама й Андрэю.

Моладзевы нацыянальны рух Малады Фронт лічыць крымінальны перасьлед Андрэя Кіма палітычна матываваным. Мы перакананыя, што сфальсыфікаваныя супраць Андрэя справы зьяўляюцца помстаю рэжыму за адкрытую палітычную пазыцыю маладога чалавека й яго дзейнасьць, накіраваную супраць беззаконьня й парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Заявы аб тым, што Андрэй Кім нібыта зьбіў супрацоўніка ДАІ ёсьць ня чым іншым, як адкрытаю хлусьнёю Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, паколькі да гэтага часу аніводнай крымінальнай справы супраць прадстаўнікоў праваахоўных ворганаў, якія зьбівалі сотні людзей, наносілі цяжкія й лёгкія цялесныя пашкоджаньні мірным дэманстрантам падчас масавых акцыяў пратэсту, не было ўзбуджана. Наадварот фізічныя расправы над дэмакратычнымі актывістамі абаранялі вышэйшыя чыноўнікі праваахоўных ворганаў нашае краіны, як гэта было са зьбіцьцём аднаго зь лідэраў Маладога Фронту Зьмітра Хведарука. Такім чынам сёньня пад артыкул 364 КК РБ можа патрапіць кожны, хто не баіцца адкрыта выказваць сваю палітычную пазыцыю й прыймае ўдзел у акцыях пратэсту супраць дыктатарскае ўлады ў краіне. Таму Малады Фронт заклікае ўсіх неабыякавых людзей прыйсьці 1 красавіка у 14:00 ў суд Цэнтральнага раёну Менску (вул.Кірава, 21. ст.м. Купалаўская/Кастрычніцкая) каб падтрымаць Андрэя Кіма й выказаць свой пратэст супраць палітычна матываваных крымінальных справаў і беззаконьня з боку прадстаўнікоў праваахоўных ворганаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства