Палітвязьню Сяргею Парсюкевічу афіцыйна прад’яўлена абвінавачаньне
Лідэру віцебскіх прадпрымальнікаў палітвязьню Сяргею Парсюкевічу пракуратура прад’явіла афіцыйнае абвінавачаньне па артыкуле 364 (“гвалт альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Аб гэтым даведалася адвакатка Вера Страмкоўская пры сустрэчы са следчым Змітром Разанкам, якая адбылася сення ў будынку следчага ізалятара на Валадарскага, паведамляе сайт milinkevich.org
Палітвязень Сяргей Парсюкевіч быў арыштаваны 4 сакавіка нібыта за "гвалтоўныя дзеянні супраць супрацоўніка міліцыі". Раней Сяргей Парсюкевіч быў затрыманы за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску і прысуджаны да 15 сутак арышту, якія прадпрымальнік правёў у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. 21 студзеня там ён быў жорстка збіты супрацоўнікам спецпрыёмніка, пасля чаго вязьню выклікалі “хуткую” дапамогу. Аднак пазней міліцыянт, каб пазбегнуць абвінавачваньняў у перавышэньні паўнамоцтваў, сам абвінаваціў Сяргея Парсюкевіча ў тым, што арыштант яго збіў.
Старшыня Савета індывідуальных прадпрымальнікаў «Смаленскага рынку» ў Віцебску Сяргей Парсюкевіч з'яўляецца маёрам міліцыі ў адстаўцы. Выйшаў на пенсію ў 2004 годзе як начальнік судова-крыміналістычнага аддзела, пасля чаго і пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю.