Узбуджана новая крымінальная справа
Працягваецца крымінальны перасьлед удзельнікаў дэмакратычнай акцыі "Еўрапейскі марш", прайшоўшай 14 кастрычніка 2007 году.
Як стала вядома ПЦ "Вясна" 28 сьнежня 2007 году сьледчы аддзел Першамайскага РУУС сталіцы вынес пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы па ч. 2 арт.339 КК РБ - "Хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў" па факце пашкоджаньня чужой маёмасьці, а менавіта двух міліцэйскіх аўтамабіляў.
Крымінальная справа ўзбуджана на падставе рапарту оперупаўнаважанага Першамайскага РУУС Курачка А.А. Падазраванымі зьяўляюцца Сяргіец Максім, Субач Лілія і непаўнагадовы Бяляй Матвей, якія нібыта прычынілі шкоду на 8 мілёнаў 691 тысячу 879 рублёў.
Нагадаем, што на гэтым тыдні заяўнікам шэсьця Еўрапейскі марш спадарам Вячорка, Лябедзьку, Івашкевічу, Федаруку і Афнагелю ўручылі копіі іску дзяржпрадпрыемства Гаррэмаўтадор Мінгарвыканкама за прыборку вуліц сталіцы пасьля правядзеньня дэмакратычнай акцыі на суму 2 мільёны 135 тысяч 974 рублі. Судовае паседжаньне па гэтай справе прызначана на 25 лютага ў Савецкім судзе Менску.