viasna on patreon

Частка прадпрымальнікаў страйкуе

2008 2008-02-04T13:31:28+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Некаторыя прадпрымальнікі зачыняюць свае гандлёвыя месцы пад рознымі прычынамі, ня плацячы падатку. Актывіст кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Крываль сказаў:

“Страйк ёсьць. Сёньня 1 лютага. Я, да прыкладу, зачынены, іншыя зачыненыя. І ёсьць людзі, якія працавалі і працуюць, і выкарыстоўваюць гэтае становішча на карысьць сабе. Самы кароткі месяц у годзе, увесь люты – страйк. Ня плаціш ты падатак і месяц не працуеш, і ўсе песьні. Зь першага па 30 студзеня афіцыйна я быў у адпачынку. Зараз напісаў заяву, што з 31 студзеня па 29 лютага 2008 года мая крама зачынена для правядзеньня рамонтных работ”.

Да прыкладу, у менскім гандлёвым цэнтры “Імпульс” на значнай колькасьці боксаў вісяць аб’явы пра месячны адпачынак да 31 студзеня. Аднак і сёньня яны не адчыніліся.

Паводле лідэра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, не працуе каля паловы прадпрымальнікаў на рынках у Пінску.

“Хто яго плянаваў на мітынгу, той і падтрымаў гэты страйк. Прадстаўнікі рэгіёнаў, якія былі на плошчы, гэты страйк збольшага і падтрымліваюць. Гэта працяг тых акцый, якія былі 10 і 21 студзеня. Страйк паказвае, што праблема ўказу № 760 ня зьнятая. У рэгіёнах прадпрымальнікі самі вырашаюць па гэтым страйку з 1 лютага. Хто тыдзень будзе стаяць, хто два тыдні, а хто й месяц”.

"Калі яны будуць сядзець дома, то пры чым тут адно да другога?"

Ці будуць падаткавікі караць тых, хто будзе страйкаваць, ня плацячы падатку? Супрацоўнік прэс-службы Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут патлумачыў:

“Калі яны будуць ажыцьцяўляць дзейнасьць і не плаціць падатку, тады натуральна. А калі яны будуць сядзець дома, то пры чым тут адно да другога? Падатак сплачваецца індывідуальнымі прадпрымальнікамі тады, калі яны ажыцьцяўляюць пэўную дзейнасьць”.

Паводле актывіста Алеся Макаева, грунтоўнай падрыхтоўкі да страйку не было, а многія прадпрымальнікі вымушаныя працаваць, каб мець хоць нейкую крыніцу прыбытку. Паводле спадара Макаева, цяпер прадпрымальнікі пачалі падрыхтоўку да асноўнай акцыі – мітынгу на Кастрычніцкай плошчы, які мае адбыцца 18 лютага:

“Мая стаўка на 18 чысло. Каб, нягледзячы на запалохваньні, пагрозы ўладаў наконт крымінальных справаў, рабіць аналяг плошчы Каліноўскага. І страйк добра, але гэта ў шмат разоў лепш, калі ўдасца абвясьціць, што мы застанемся на плошчы з эканамічнымі лёзунгамі, а потым пяройдзем на палітычныя, калі нас будзе шмат і ўлады ня пойдуць нам насустрач”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства