Дашкевіча і Шылу не пусьцілі зь Беларусі
У суботу 2 лютага памежнікі ня выпусьцілі зь Беларусі лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, а таксама сябру гэтай жа арганізацыі з Салігорску Івана Шылу.
«Я ехаў у Літву, каб высьветліць некаторыя пытаньні адносна маёй вучобы ў Віленскім пэдагагічных унівэрсытэце. Мусіла таксама адбыцца і сустрэча з паплечнікамі. На мяжы мяне завярнулі. Сказалі, што я знаходжуся ў сьпісах часова невыязных зь Беларусі. Прычыну яны не тлумачылі, бо самі ня ведаюць. Параілі зьвярнуцца ў суд Кастрычніцкага раёну Менску, дзе мяне асудзілі на паўтары гады зьняволеньня. Так і зраблю на гэтым тыдні, калі зноў адмовяць у выезьдзе, то буду зьвяртацца ў суд аб незаконнасьці такога рашэньня», — кажа Зьміцер Дашкевіч.
Літаральна праз гадзіну на тым самым памежным пераходзе завярнулі яшчэ аднаго “маладафронтаўца” – Івана Шылу.
«Мы ехалі на машыне з Аляксеем Валабуевым у Вільню як турысты. Мяне завялі да начальніка памежнага пераходу, дзе ён і паведаміў, што я невыязны. Нават паставілі нейкі штамп у пашпарт аб забароне пакідаць межы краіны. Валабуеў паехаў далей у Літву, а я застаўся “лавіць” машыну ў зваротны накірунак», — гаворыць Іван Шыла.
«Мне здаецца, што існуе распараджэньне паводле якога ўсім маладафронтаўцам, якіх судзілі паводле крымінальнага артыкулу, забаронены выезд зь Беларусі», — мяркуе З.Дашкевіч.
Нагадаем, што раней аб сваім невыязных статусе даведаліся яшчэ два маладафронтаўцы Яраслаў Грышчэня з Баранавічаў і Барыс Гарэцкі. Апошні ўжо даведаўся прычыну адмовы. Аказваецца, што да суду не дайшоў штраф, які Барыс меўся сплаціць пасьля таго, як ён быў асуджаны за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Гарэцкі спадзяецца, што гэтая справа хутка вырашыцца, і ён зможа зноў выяжджаць за мяжу.