Супраць Андрэя Кіма ўзбуджана крымінальная справа
На Андрэя Кіма, затрыманага 21 студзеня пасьля мітынгу прадпрымальнікаў, заведзена крымінальная справа паводле арт. 364 КК РБ («гвалт, альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі»). Пра гэта паведаміла «НН» маці хлопца Тацяна Кім.
Паводле гэтага артыкулу Андрэю пагражае ад трох месяцаў да шасьці гадоў зьняволеньня. Хлопец пакуль знаходзіцца ў спэцпрыёмніку‑разьмеркавальніку на Акрэсьціна, дзе адбывае адміністрацыйны арышт. 22 студзеня ён быў пакараны, паводле двух пратаколаў, судом Цэнтральнага раёну Менску (судзьдзя – Тацяна Паўлючык) 10 суткамі адміністрацыйнага арышту, а таксама 1 млн 050 рублямі штрафу.
Маці Андрэя кажа, што пасьля затрыманьня яго завезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску, дзе завялі дзьве адміністрацыйныя справы і адну крымінальную. Пазьней крымінальная была перададзеная ў раённую пракуратуру.
Паводле яе словаў, сьледчы пракуратуры Лугін сказаў, што маюцца відэаматэрыялы злачынства. Нібыта Андрэй Кім падчас сутычкі каля ГУМу ўдарыў супрацоўніка ДАІ кулаком у твар і расьсек таму брыво да крыві. Андрэй сваю віну адмаўляе.
У пракуратуры ад камэнтароў адмовіліся, нават не пацьвердзіўшы, ці заведзена крымінальная справа ў дачыненьні да Андрэя Кіма.
У дадзены момант родныя і сябры Андрэя шукаюць відэаматэрыялы таго інцыдэнту каля ГУМУ, каб прадставіць у пракуратуру ў якасьці доказу невінаватасьці хлопца.