viasna on patreon

Скандал з рэклямай на беларускай мове

2007 2007-12-17T11:44:27+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Калі ў польскім Беластоку на матчынай мове навучаюцца 150 школьнікаў, дык у Горадні ніводнага. Тут нават напужаліся агітацыі за "беларускія" групы ў дзіцячых садах.

Такіх групаў, дзе б дзеткі выхоўваліся на беларускай мове, пакуль наагул няма, але гарадзкі аддзел адукацыі дазволіў іх ствараць. Ініцыятыўная група з дапамогай ТБМ зрабіла гукавы ролік, які стаў гучаць у тралейбусах. Аднак празь некалькі дзён адбыўся скандал: ролік забаранілі выкарыстоўваць. Прычына – ня ўзгоднены тэкст рэклямы. А 17 сьнежня кіраўнікоў абласной і гарадзкой арганізацыяў ТБМ Аляксандра Місьцюкевіча і Аляксея Пяткевіча выклікалі ў гарвыканкам.

Разам да загадчыка аддзелу адукацыі Сяргея Блажэя прыйшоў Ігар Кузьмініч – адзін з бацькоў ініцыятараў стварэньня дашкольных беларускамоўных груп выхаваньня. Пасьля забароны рэклямы прадчуваньні ў яго былі ня вельмі добрыя.

Аднак размова прайшла ў пазытыўным накірунку: маўляў, дзіцячыя групы можна стварыць у садках N54 або N55 – абодва знаходзяцца на вул. Урублеўскага і лічацца "з этнаграфічным ухілам". Праўда, Ігар Кузьмініч падкрэсьліў, што, прынамсі, у першым заняткі на беларускай мове не праводзяцца.

Спадар Блажэй паабяцаў: калі  набярэцца пэўная колькасьць заяваў, абмяжоўваць у стварэньні беларускамоўных групаў ніхто ня стане. Адзінае, што справа зацягнецца да сакавіка, бо выхавацелькам запатрабуецца падвучыцца, падрыхтавацца адпаведным чынам.

Дарэчы, мы адмыслова пацікавіліся ў газэце польскіх беларусаў "Ніва", якая сытуацыя ў суседнім Беластоку – роўнаму па насельніцтву Горадні, дзе таксама ёсьць беларусы? Па словах галоўнага рэдактара Яўгена Вапы, у горадзе існуюць беларускамоўныя групы ў садках, а таксама клясы – школьныя, у гімназіі і ў ліцэі, агулам па-беларуску вучацца 150 вучняў. Для параўнаньня: у Горадні сёньня няма ніводнага такога вучня.

Што да рэклямы беларускіх дзіцячых групаў у Горадні, то гарадзкі аддзел адукацыі цяпер дазваляе яе выкарыстоўваць пасьля ўзгадненьня. Ігар Кузьмініч сказаў: ствараецца ўражаньне, што яе можна будзе нават даваць на мясцовым тэлебачаньні і радыё. Праўда, хто канкрэтна забараніў рэкляму ў тралейбусах, адказу на сустрэчы так і не прагучала.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства