viasna on patreon

Валерый Міснікаў – ахвяра карнай псіхіятрыі

2007 2007-12-10T11:28:49+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vmisnikov1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валерый Міснікаў

Валерый Міснікаў

 

З 16 лістапада ў Браслаўскай абласной псіхіятрычнай лякарні "Слабодка" ўтрымліваецца Валерый Міснікаў, былы выкладчык гісторыі і права з Віцебску. Праваабаронца, які сам сябе называў “грамадскім пракурорам”, неаднаразова падвяргаўся судовым перасьледам за сваю актыўную грамадскую дзейнасьць.

 

Апошнія дваццаць год быў прадстаўніком і назіральнікам у судах, выяўляў недахопы і злоўжываньні ў сістэме дзяржаўнай улады, гаспадарчых суб'ектаў і праваахоўных органаў. Усе атрыманыя зьвесткі даносіў грамадскасьці і праваахоўным органам.

Апошняя крымінальная справа супраць актывіста-праваабаронцы была ўзбуджана Віцебскай абласной пракуратурай па артыкуле 369 КК РБ за знявагу гонару і годнасьці асобы і прафесійных якасцяў начальніка арганізацыйна-кантрольнага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці В. Балеевай і старэйшага следчага па найважнейшых справах пракуратуры Віцебскай вобласці саветніка юстыцыі А. Тыўтына і артыкулу 377 (частка 2) КК РБ за крадзеж двух тамоў крымінальнай справы з абласной пракуратуры.

21 ліпеня 2007 года Валерый Міснікаў быў прымусова накіраваны Віцебскай пракуратурай на псіхіятрычную экспертызу. Вынікам экспертызы для праабаронцы стаў дыягназ – паранаідальнае зьмяненьне асобы. На падставе дадзенага зняволеньня па рашэньні суду, паседжаньні якога былі зачыненымі для грамадскасьці, Міснікаў быў накіраваны на прымусовае лячэньне ў спецыяльную закрытую лячэбную ўстанову. Пакуль што на 6 месяцаў.

На жаль, метады карнай псіхіятрыі на Беларусі ўсё часцей і часцей вяртаюцца ў арсенал сродкаў падаўленьня іншадумства. Дастаткова прыгадаць прымусовае утрыманьне ў псіхіятрычным шпіталі актывісткі Крысьціны Шацікавай. Гэтыя цемрашальскія метады ўздзеяньня на асобу неаднаразова асуджаліся міжнароднай грамадскасьцю і еўрапейскімі псіхіятрамі.

 

Сёньня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, кожны сумленны чалавек на Беларусі мае магчымасьць выказаць падтрымку актывісту-праваабаронцу, даслаўшы ліст або паштоўку на ягоны адрас: 211 977, в. Слабодка, Браслаўскага раёна, Віцебскай вобласці, абласная псіхлячэбніца "Слабодка", аддзяленьне №1, палата № 5.

 

 

Кароткая даведка: Валерый Міснікаў у 1985 годзе скончыў адначасова гістарычны і юрыдычны факультэты БДУ. Жыў і працаваў у Віцебску. Зараз утрымліваецца ў Браслаўскай абласной псіхлячэбніцы "Слабодка”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства