viasna on patreon

Польскага ксяндза не пусцяць у Беларусь за крытыку

2007 2007-11-21T17:17:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адмова ў рэгістрацыі з'яўляецца "асабістай праблемай" настаяцеля рэчыцкага касцёла Святой Троіцы Гжэгожа Худзека, лічыць старшыня савета па рэлігіях і нацыянальнасцях пры Гомельскім аблвыканкаме Міхаіл Жукевіч.

Як паведамлялася раней, настаяцелю рэчыцкага касцёла Святой Троіцы грамадзяніну Польшчы Гжэгожу Худзеку, які праслужыў 14 гадоў у парафіях Гомельскай вобласці, было адмоўленае ў рэгістрацыі для ажыццяўлення каталіцкага служэння. Да 1 снежня ён павінен пакінуць Беларусь.

"У гэтым няма ніякага супрацьстаяння ўлады і канфесіі, гэта асабістая праблема ксяндза Гжэгожа, – заявіў М.Жукевіч у інтэрв'ю БелаПАН. – Рэчыцкая парафія зарэгістраваная на тэрыторыі Беларусі, таму святар абавязаны выконваць законы нашай краіны і мець дыялог з прадстаўнікамі ўлады. Ксёндз Гжэгож Худзек не меў дыялогу з мясцовай уладай, не ішоў на кантакт у адрозненне ад іншых святароў. Больш за тое, ён выказаўся ў польскім друку вельмі рэзка пра Рэчыцу – горад, у якім жыў і служыў 10 гадоў. У польскай газеце ён паказаў сітуацыю ў горадзе неаб'ектыўна, адзначыў негатыўныя з'явы, якія ёсць, на жаль, у нашым грамадстве. Гэта было б дазволена беларускім журналістам, але такія выказванні пра краіну за мяжой ствараюць негатыўны імідж краіне. А святар у сваёй працы павінен духоўна адраджаць народ – гэта яго галоўная функцыя", – адзначыў М.Жукевіч.

Як лічыць службовец, для рэчыцкіх каталікоў у ад'ездзе святара няма ніякай праблемы. "Гэта праблема толькі ксяндза – дзе ён знойдзе сабе іншую працу. Я упэўнены, праз некаторы час у Рэчыцы будзе ксёндз", – сказаў Жукевіч.

Нагадаем, 16 лістапада апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свентэк звярнуўся да старшыні Рэчыцкага райвыканкама Аляксандра Баранава з просьбай змяніць рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі ксяндзу Худзеку. У звароце К.Свентэк адзначыў, што Г.Худзек 14 гадоў бездакорна служыў справе духоўнага адраджэння беларускага народа.

Каталікі некаторых парафій Гомельскай вобласці пачалі збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта Беларусі з просьбай змяніць рашэнне аб рэгістрацыі ксяндза. "Спадзеючыся на вашу разважлівасць і ваша добрае сэрца, маем надзею на змяненне рашэння ў дачыненні Гжэгожа", – гаворыцца ў звароце кардынала Свентэка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства