Суд над палітвязьнем Зьмітрам Дашкевічам прызначаны на 6 лістапада і адбудзецца ў фактычна ў закрытым рэжыме
Пра гэта паведаміў адвакат моладзевага лідэра Алясандр Галіеў. Разам з тым ён зазначыў, што да гэтага часу не атрымаў адпраўленага нібыта 24 кастрычніка судовага паведамленьня.
Нагадаем, што 14 жніўня гэтага году РУУС г. Шклова была ўзбуджаная крымінальная справа супраць моладзевага лідэра Зьмітра Дашкевіча, які быў асуджаны і адбывае пакараньне (год і шэсьць месяцаў пазбаўленьня волі) за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”.
Паводле пастановы сьледчага Шклоўскага РУУС капітана міліцыі С. Н. Лоха, Зьміцер Дашкевіч у чэрвені бягучага года падчас допыту па крымінальнай справе супраць непаўнагадовага Івана Шылы (узбуджанай таксама па палітычна матываваным крымінальным артыкуле 193.1 КК РБ), адмовіўся ад дачы паказаньняў, “не маючы на тое паважных прычынаў”. Гэтыя дзеяньні сьледчы кваліфікаваў як злачынства, прадугледжанае арт. 402 Крымінальнага Кодэксу - адмова ці ўхіленьне сьведкі ці пацярпелага ад дачы паказаньняў). Аднак, будучы асуджаным па крымінальнай справе за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”, Зьміцер Дашкевіч скарыстаўся сваім правам, гарантаваным арт. 27 Канстытуцыі, не даваць паказаньні супраць сабе, пра што пісьмова паведаміў органам крымінальнага сьледтва, якія вялі допыт.
15 кастрычніка крымінальная справа была накіраваная ў пракуратуру Шклоўскага раёну, а 16-га - на разгляд у Шклоўскі раённы суд. Пракуратуры хапіла аднаго дня, каб вывучыць справу, і пагадзіцца з высновамі сьледзтва. Паводле гэтага абвінавачаньня, лідэру Маладога Фронту дадаткова пагражае шэсьць месяцаў зьняволеньня.
У той жа час абаронца палітвязьня накіраваў хадайніцтва аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, якое было адхілена сьледчым С.Н.Лохам 19 кастрычніка.
Скарга адваката Дашкевіча на вынесеную службовую пастанову будзе разгледжана падчас разгляду крымінальнай у судзе Шклоўскага раёну. Па папярэдніх зьвестках судовае пасджаньне адбудзецца на тэрыторыі калоніі, дзе асуджаны адбывае пакараньне, а гэта значыць у закрытым рэжыме, бо на яго ня змогуць патрапіць ні журналісты, ні праваабаронцы, ні прадстаўнікі грамадзкасьці.