viasna on patreon

Студэнты-медыкі, якія вучыліся платна, вымушаныя працаваць па размеркаванні

2007 2007-09-20T12:27:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Малады спецыяліст не можа працаваць лекарам, не прайшоўшы год стажыроўкі. А калі ён згаджаецца прайсці яе, то аўтаматычна згаджаецца адпрацаваць яшчэ два гады па размеркаванні.

Алена скончыла сёлета Мінскі медыцынскі універсітэт. Яна вучылася на платным аддзяленні, але ўсё роўна будзе працаваць па размеркаванні. Дзяўчына праходзіць цяпер стажыроўку ў брэсцкай лякарні, потым будзе працаваць два гады ў г. Івацэвічы, а потым марыць пераехаць у Мінск.

Асаблівасць размеркавання ў “медах” такая: выпускніка не прымуць на працу, пакуль ён не пройдзе год стажыроўкі ў больніцы пад наглядам лекара. Без яе займацца лекарскай дзейнасцю забаронена. Знайсці яе самому немагчыма,бо на стажыроўку мусіць накіраваць уніерсітэт. Калі выпускнік, нават платнік, пагаджаецца на прапанаванае універсітэтам месца, то адразу ж трапляе пад размеркаванне, кажа Алена.

Алена:
“Стажыроўка і адпрацоўка напісаныя на адной паперы. І калі ты пагаджаешся са стажыроўкай, то аўтаматычна ты пагаджаешся і з працай. А калі ты адмаўляешся, то сам шукаеш, дзе табе стажыравацца. Бо без яе ты проста не маеш права працаваць лекарам. Стажыроўку знайсці самому амаль немагчыма. Практычна ніводная бальніца на стажыроўку сама не возьме – гэта універсітэт мусіць накіраваць”.

Месца стажыроўкі і будучай працы часта не супадаюць. Стажыруюцца маладыя лекары часцей за ўсё ў больш-менш вялікіх гарадах, а працуюць у маленькіх ці сёлах.

Алена:
“У мяне размеркаванне ў Івацэвічы. Але там няма базы для стажыроўкі. Яны па Брэсцкай вобласці ёсць толькі ў Баранавічах, Пінску і Брэсце. Вось я год у Брэсце, а потым еду на два гады ў Івацэвічы”.

Падчас стажыроўкі малады спецыяліст атрымлівае палову лекарскай стаўкі.

Алена:
“Нам плацяць заробак – 50% ад працоўнай стаўкі, бо ўсю адказнасць за маю працу нясе лекар, за якім я замацаваная. Гэта 290 тысяч у мяне ў месяц”.

Алена лічыць, што ёй пашанцавала з размеркаваннем: Івацэвічы – раённы цэнтр і яе родны горад. Многія яе аднакурснікі паехалі працаваць у сельскія амбулаторыі, а яна – не. Гэта таму, што яна вучылася на платным.

Алена:
“Адзінае, што тычыцца размеркавання, добрае: што меркаванне платнікаў улічвалася. Мы маглі неяк уплываць на свае месца працы. Не тое, каб выбіраць, але паўплываць. Мяне хацелі размеркаваць у Іванава – гэта суседні раённы цэнтр, я адмовілася, і мне далі размеркаванне ў Івацэвічы”.

Калі малады спецыяліст, у мінулым студэнт-платнік, адпрацуе стажыроўку, але адмовіцца ад працы па размеркаванні, грошай з яго патрабаваць не будуць. Але ён іх усё роўна згубіць, бо не зможа працаваць два гады нідзе, акрамя месца размеркавання.

Юрыст:
“З тых, хто вучыўся за плату, яшчэ ніхто не патрабаваў грошай за тое, што выпускнік не прыехаў па размеркаванні. Такога закону няма”.

Ці шмат медыкаў-платнікаў сёлета ўзялі вольныя дыпломы, то бок самі знайшлі сабе месца для стажыроўкі, мы запыталіся ў дэкана медыка-прафілактычнага факультэта Іосіфа Раманоўскага.

“Тры гады таму чалавек 6-7 выпускнікоў, ну да 10-ці, хацелі мець вольны дыплом па заканчэнні вучобы, то сёлета іх 2-3. А ўсяго іх чалавек 80 на факультэце. Усе хочуць мець гарантаванае месца працы”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства