А.Пушкін: "Пасьля арышту я мусіў наведаць поле Аршанскай бітвы"
16 верасьня ў Воршы з ізалятара часовага ўтрыманьня выйшлі на волю мастак Алесь Пушкін і моладзевы актывіст Аляксей Янушэўскі. Яны адбылі 7 сутак арышту паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве пасьля затрыманьня на бардаўскім фэсьце "Аршанская бітва-2007".
Аб 11-й раніцы актывісты зь Менску й Воршы прыйшлі сустракаць Алеся Пушкіна і Аляксея Янушкевіча да ізалятару часовага ўтрыманьня.
Але міліцыянты, вырашыўшы не дапусьціць гэтае сустрэчы, загадзя вывезьлі мастака і моладзевага актывіста на аршанскі чыгуначны вакзал. Адшукаць іх удалося ўжо ў цягніку.
На просьбу Алеся Пушкіна сябры адвезьлі яго на Крапівенскае поле, дзе ў мінулыя выходныя мусіў адбыцца бардаўскі фэст "Аршанская бітва-2007".
Сёньня праезд да гістарычных мясьцін, дзе ў 1514 годзе адбылася пераможная Аршанская бітва, быў ужо вольны. І ніякіх адзнак таго, што там тры дні запар працавала група разьмінаваньня, прысутныя не заўважылі.
Алесь Пушкін распавёў, што знарок імкнуўся ў гэтыя мясьціны перад ад’ездам дадому: "У кожнага з нас ёсьць жонка, дзеткі, але ёсьць яшчэ Беларусь, ёсьць прыярытэты якія кожны для сябе абірае. Таму найперш -- на Крапівенскае поле. А потым паеду да жонкі, дзяцей, капаць бульбу, пісаць карціны, рабіць вітраж у Талачынскім касьцёле".
Адмыслова да сустрэчы са зьняволеньня Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага аршанская паэтка Яўгенія Казлова напісала верш – таксама пра Радзіму і пра вернасьць Беларусі:
Наша праўда – сьвятая. Мы вытрымаць зможам
Прысуды, і турмы, і сьмерць змагароў.
З намі праўда, і з намі магутны наш Божа.
Будзе наша рэспубліка вольнаю зноў!
Гімн "Магутны Божа" прагучаў у гэты дзень каля памятнага крыжа, усталяванага на Крапівенскім полі дзеля памяць загіблых тут беларускіх ваяроў. Зазвычай зь яго штогод пачынаўся фэст "Аршанская бітва", і таму цяпер яго прасьпявалі тыя, каму забаранілі зрабіць гэта тыдзень таму – у Дзень беларускай вайсковай славы.