3 верасня Першамайскі суд Мінска задаволіў іск бацькоў экс-дэпутата Сяргея Скрабца, якія прасілі вызваліць з-пад арышту іх хатнюю маёмасць.
У 2005 годзе Вярхоўны суд Беларусі прызнаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў 2 склікання Сяргея Скрабца вінаватым у невяртанні крэдыту “Беларусбанку” памерам болmi за 500 тысяч долараў. Нягледзячы на доказы таго, што крэдыт не вернуты з-за незаконнага арышту рахункаў ягонае фірмы, Сяргей Скрабец прызнаны вінаватым, за што пазбавілі волі на 2,5 гады. У Сяргея Скрабца і ягонага брата Аляксандра канфіскавалі маёмасць.
“Беларусбанку” таго падалося мала і цяпер банк запатрабаваў канфіскаваць ды перавесці сабе ў прыбытак таксама хатнюю маёмасць бацькоў дэпутата.
“Там усё, што апісалі, калі мяне арыштавалі і праводзілі ператрус у мяне, у брата і ў маіх бацькоў. Прычым без аніякай санкцыі. Яны лічаць цяпер, што ўсё, што набывалі мае сваякі, гэта ўсё трэба канфіскаваць”, - кажа Сяргей Скрабец.
У сакавіку 2007 года суд Першамайскага раёна Мінска ўжо разглядваў справу пра канфіскацыю маёмасці. Тады суд стаў на бок бацькоў палітыка: пра іхнюю маёмасць у рашэнні Вярхоўнага суда нічога не гаварылася. Аднак пракуратура аспрэчыла судовае рашэнне, і Мінскі гарадскі суд вярнуў справу на перагляд.