Суд над актывістам Зміцерам Хведаруком завяршыўся
Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук цэлы дзень правёў у будынку суду Маскоўскага раёну Менску. Яго затрымалі ўчора раніцай, калі хлопец ішоў на прыпынак ад будынку Дому правасудзьдзя, дзе ён быў на судзе ў Канстанціна Лукашова. У міліцыі Зьмітра, як і іншых арыштаваных моладзевых актывістаў, абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і да вечара трымалі ў дзяжурнай частцы. Зьміцер стаў пятнаццатым арыштаваным апазыцыянэрам за апошнія двое сутак.
Нагадаем, што Хведарука затрымалі людзі ў цывільным каля будынку Дому правасудзьдзя. Маладафронтаўцы ад 10-й раніцы чакалі ў судзе Маскоўскага раёну, калі прывязуць Зьмітра Хведарука.
Суд пачаўся пасьля 16 гадзіны. Як стала вядома ПЦ “Вясна”, суддзя Рудніцкая прысудзіла Хведарука па арт 17.1 КаАП РБ да 10 сутак адміністрацыйнага арышту, нібыта за тое, што актывіст брыдкасловіў.