Дырэктара студыі гуказапісу і гітарыста Алега Лядзенку асудзілі на 2,5 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у пратэстах
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 28 траўня асудзілі Алега Лядзенку паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны удзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Матыль прызначыла Алегу два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску і выхадзе на праезную частку. Як паведамляецца ў судовай пастанове, Алег "выкарыстоўваў у якасці пратэснай сімволікі палотнішча бел-чырвона-белага колеру". Яго апазналі па фотаздымках з пратэснай акцыі. Мужчына цалкам прызнаў віну.
Пры затрыманні ў Алега арыштавалі гітару і тэлефон, якія вярнулі пасля абвяшчэння прысуду. Да суда мінчук знаходзіўся пад закладам памерам 20000 рублёў.
Алег Лядзенка скончыў БДТУ і працуе дырэктарам студыі гуказапісу "BLACK LINE STUDIO". Таксама з’яўляецца гітарыстам рок-метал гурта "Steel rain".