У Мінску за данаты судзяць айцішніка. Яго сукамернік распавёў падрабязнасці затрымання
У Мінскім гарадскім судзе 6 чэрвеня распачаўся чарговы суд за данаты над 56-гадовым праграмістам Анатолем Валадзько. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) і арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Мужчыне пагражае да 12 гадоў зняволення. Справу разглядае Алена Ананіч. Яго сукамернік з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна распавёў "Вясне" падрабязнасці яго затрымання.
Паводле сукамерніка Анатоля Валадзько, той адмовіўся выплочваць "ахвяраванні", якія супрацоўнікі КДБ пад пагрозамі прапаноўваюць выплаціць тым, хто рабіў данаты. Наогул мужчына не прызнаў сваёй віны. Сукамернік Анатоля сцвярджае, што гэта паслужыла прычынай далейшага пераследу — адміністрацыйнага і крымінальнага.
Як паведаміла "Наша Ніва", 17 студзеня 2024 года Валадзько разам з жонкай асудзілі за "дробнае хуліганства". Яму прызначылі 15 сутак, а вынік суда жонцы невядомы. Згодна з абвінавачваннямі паводле арт. 19.1 КаАП, Анатоль Валадзько "знаходзіўся ў грамадскім месцы і з хуліганскіх памкненняў гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі і паводзіў сябе агрэсіўна". Мужчына віну не прызнаў і сказаў, што пасярод дня яго затрымалі ва ўласнай хаце. Нічога з таго, пра што казалі сведкі, ён не рабіў.
Сукамернік Анатоля пацвердзіў гэта і сказаў, што, сапраўды, таго затрымалі 15-16 студзеня наўпрост дома:
"Затрымліваў ГУБАЗіК, ужывалі гвалт, у тым ліку электрашокер, але да нейкіх наступстваў для фізічнага адчування гэта, здаецца, не прывяло. Жонку, наколькі мы разумелі не затрымлівалі. Анатоль перажываў за блізкіх, у першую чаргу. У іншым, трымаўся бадзёра і выглядаў чалавекам упэўненым у сваіх перакананнях і намерах. Рассадзілі нас раней, чым сыходзілі мае суткі, то далей ужо нічога не ведаю".
Пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў студзені 2024 года можна пачытаць тут:
"Пакуль не выйдзеш за вароты, не ведаеш ці дадуць яшчэ "суткі" ці ўжо гатовая крыміналка", — былы арыштант