СПЧ ААН падоўжыў мандат спецдакладчыка па Беларусі і стварыў орган па расследванні парушэнняў правоў чалавека
Савет па правах чалавека (СПЧ) ААН 4 красавіка на пасяджэнні 55-й сесіі ў Жэневе прыняў рэзалюцыю, якой падоўжыў мандат Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, а таксама пастанавіў стварыць групу з трох незалежных экспертаў па правах чалавека ў нашай краіне. Перад галасаваннем на сесіі Савета выступіла прадстаўніца беларускага МЗС, якая заявіла, што Беларусь "не заслугоўвае асаблівай увагі" арганізацыі.
На пасяджэнні 55-й сесіі ў Жэневе 4 красавіка Савет ААН па правах чалавека прыняў рэзалюцыю "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі". 24 сябры арганізацыі прагаласавалі за, шэсць — супраць, яшчэ 17 устрымаліся.
Савет пастанавіў падоўжыць мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі" на адзін год, пачынаючы з канца сваёй 56-й сесіі "(да 12 ліпеня 2025 года) і папрасіў яго"працягваць сачыць за развіццём падзей і выносіць рэкамендацыі аб шляхах умацавання павагі, абароны і ажыццяўлення правоў чалавека ў Беларусі, праводзіць кансультацыі з усімі зацікаўленымі бакамі, уключаючы грамадзянскую супольнасць у Беларусі і за яе межамі".
Мандат спецдакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з тых часоў штогод падаўжаецца. З лістапада 2018 года пасаду займае Анаіс Марэн (Францыя). Спецдакладчык прадставіць даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі СПЧ на яго пяцьдзесят дзявятай сесіі (лета 2025 года) і Генеральнай Асамблеі ААН на яе 80-й сесіі (восень 2025 года).
СПЧ ААН пастанавіў у тэрміновым парадку стварыць групу з трох незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. У яе мандат будзе ўваходзіць правядзенне расследавання і ўстанаўленне фактаў, абставінаў і карэнных прычын усіх меркаваных парушэнняў і ўшчамленняў правоў чалавека і парушэнняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года.
Новы орган, за які выступалі беларускія і міжнародныя праваабарончыя групы, мае мандат на расследаванне сур'ёзных парушэнняў, збор і захаванне доказаў міжнародных злачынстваў, а таксама выяўленне вінаватых, абапіраючыся на працу ААН па правах чалавека. Група будзе займацца "зборам, абагульненнем, забеспячэннем захаванасці і аналізам доказаў такіх парушэнняў і ўшчамленняў і, па магчымасці, выяўляць вінаватых з мэтай правядзення адпаведных судовых і іншых разглядаў, уключаючы крымінальны пераслед у судах і трыбуналах, якія валодаюць адпаведнай юрысдыкцыяй" і "выносіць рэкамендацыі, у прыватнасці, у дачыненні да мер па прыцягненні да адказнасці", з тым каб "пакласці канец беспакаранасці".