viasna on patreon

У Докшыцах затрымалі былога настаўніка, у Мінску — кіраўніка партыі "Зялёныя": хроніка пераследу 16 лютага Дапоўнена

2024 2024-02-16T15:37:41+0300 2024-02-16T20:58:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stadolnik.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супраць дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі распачалі «спецвытворчасць»

Яму інкрымінаваныя 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Франака просяць прыйсці ў Следчы камітэт. 


У Мінску затрыманы кіраўнік ліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук

Як паведамляе "Еўрарадыё", ён збіраўся ўскласці кветкі каля расійскай амбасады ў Мінску — ушанаваць памяць расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Мужчына паспеў паведаміць, што каля амбасады знаходзіцца шмат супрацоўнікаў АМАП.

Вядома, што пасля затрымання яго адвезлі ў Цэнтральны РУУС Мінска.


Украінцаў не пускаюць у Беларусь і дасканала дапытваюць на мяжы

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», на адным з памежных пунктаў (Беларусь-Польшча) у Брэсце 13 лютага ў краіну беларускія памежнікі не пусцілі каля 10 грамадзян Украіны. Калі ўсе зайшлі ў будынак для праверкі пашпартоў, то зачынілі дзверы і запыталі, ці ёсць сярод прысутных грамадзяне Украіны і ці збіраюцца яны потым ехаць у Расію. Допыты ўкраінцаў цягнуліся да дзвюх гадзін. Прычыны адмовы ўезду ў Беларусь ніяк не растлумачылі. Кіроўцу аўтобуса памежнікі сказалі не чакаць і ехаць.

Акрамя гэтага, міліцыянты затрымалі аднаго беларуса. Яму наўпрост у памежным будынку апранулі кайданкі і павялі ў міліцэйскую машыну. Прычыны затрымання і прозвішча затрыманага невядомы.


У Жлобіне сілавікі правялі "зачыстку" перад выбарамі*

15 лютага ў судзе Жлобінскага раёна суддзя Валянціна Загароўская разглядала 5 адміністрацыйных спраў.

Былых палітвязняў Андрэя Андрэева, Дзмітрыя Бераснева, Аляксандра Кісялева (на фота), Мікалая Ільянка і Яўгена Пархамовіча прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі).

Як паведаміла крыніца "Гомельскай Вясны", гэта відавочна была "зачыстка ненадзейных" напярэдадні выбараў*. Пастановы судоў высвятляюцца.


Сілавікі наведваюць былых назіральнікаў ад БСДП (Грамада)

Пашырыліся выпадкі наведвання праваахоўнікамі сябраў ліквідаванай БСДП, якія прымалі раней удзел у назіранні за выбарамі. Праводзяцца прэвентыўныя гутаркі, праглядаюцца тэлефоны, некаторых затрымліваюць.


Жыхара Брэста затрымалі за данаты — супраць яго распачалі крымінальную справу

«Пакальянае відэа» з затрыманым апублікаваў праўладны тэлеграм-канал.


У Докшыцах затрымалі былога настаўніка гісторыі Арцёма Стадольніка

Яго абвінавачваюць паводле арт. 24.23 КаАП ("несанкцыянаванае пікетаванне") за допіс у інстаграме ад 18 студзеня 2021 году. Ён не мае палітычнага зместу, але быў праілюстраваны здымкам машыны з налепкай "Пагоні". Налепку Арцём зняў пазней па патрабаванні міліцыянтаў: тады абыйшлося без пратакола. Цяпер маладзёна затрымалі на трое сутак.

Раней Арцёма затрымлівалі ў кастрычніку 2020 года за "несанкцыянаванае мерапрыемства", а потым 8 ліпеня 2021, у час першай масавай зачысткі — на трое сутак па "падазрэнні" ў крымінальнай справе за палітычны надпіс на прыпынку. Мужчына мае траіх непаўнагадовых дзяцей.


Супрацоўнікі КДБ правялі «прафілактычны рэйд» перад выбарамі* па Магілёўскай вобласці

Вядома мінімум аб некалькіх людзях, якія 15 лютага былі затрыманыя супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Верагодна, рэальная лічба затрыманых яшчэ большая.

Сілавікоў цікавілі дзеянні магіляўчан і некаторых жыхароў райцэнтраў вобласці пасля выбараў 2020 года, а таксама перапіскі ў месэнджарах і сацсетках, падпіскі на Telegram-каналы. У некаторых выпадках, людзей прымушалі адпісвацца ад іх, нават тых, якія не ўключаны ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а проста не спадабаліся чэкістам.

Акрамя таго, супрацоўнікі КДБ цікавіліся, ці збіраецца той ці іншы чалавек ісці на выбары*. Пасля размовы людзей прасілі падпісаць дакумент, у якім яны дэкларавалі недапушчальнасць незаконных дзеянняў, пасля чаго адпускалі.


У Лельчыцах затрымалі "дыверсантаў" (навіна абноўленая) 

Нагадаем, учора ў Лельчыцкім раёне ўчора ўводзіўся рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Пазней журналістам сказалі, што гэта вучэнні. Потым Лукашэнка заявіў, што на мяжы злавілі некалькіх украінцаў і беларусаў, якія нібыта перакідвалі на тэрыторыю Беларусі выбухоўку для тэрактаў на тэрыторыі РФ і Беларусі.

Пазней КДБ назваў імёны «дыверсантаў», затрыманых на мяжы з Украінай. Гэта грамадзяне Украіны Сяргей і Павел Кабарчукі (бацька і сын), а таксама грамадзянін Беларусі Віталь Уласюк (1970 года нараджэння, жыхар Брэста). Яшчэ пазней праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі фотаздымкі затрыманых "дыверсантаў".


У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 24 чалавек — цяпер у ім 3789 прозвішчаў

16 лютага МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі украінца Рамана Гузінскага і асуджанага за данаты Юрыя Юрэню.

Да допіса далучаны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства