Паўторныя арышты і завочны пераслед: хроніка пераследу 8 лютага Дапоўнена
У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Жыхара Полацка затрымалі за каментар на адрас памерлага начальніка аршанскага РАУС
Мужчыну затрымалі на вуліцы каля аўтамабіля — на кадрах сілавікоў бачныя супрацоўнікі ДАІ.
На «пакаяльным відэа» затрыманы «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і ў тым, што «абразіў гонар і годнасць памерлага начальніка Аршанскага РУУС».
Следчы камітэт пачаў "спецвытворчасць" супраць прадпрымальніка, які дапамагаў пратэстоўцам
Як паведамляе "Медыязона", размова ідзе пра Ігара Парункевіча, які быў уладальнікам бара ў Паставах, дзе збіралі грошы пацярпелым ад рэпрэсій. Пра гэта паведамляе
Як піша прэс-служба ведамства, супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа па трох артыкулах КК — аб распальванні варожасці, абразе Лукашэнкі і гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянта (артыкулы 130, 368 і 364 КК).
Следчы камітэт у сваім пасце прапануе Ігару Парункевічу з'явіцца ва ўпраўленне СК па Мінску.
Былога палітвязня Аляксея Раманава арыштавалі другі раз запар
Былы палітзняволены Аляксей Раманаў быў затрыманы падчас масавага «хапуну» ў Беларусі 23 студзеня. Зранку яго дапытвалі ў КДБ, а вечарам перавялі ў ІЧУ. Праз некалькі дзён яго прызналі вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП) і прызначыў яму 15 сутак арышту.
Па інфармацыі "Свабоды", 8 студзеня Аляксея зноў асудзілі да 15 сутак арышту.
Аляксей мае інваліднасць праз анкалагічную хваробу. У яго шэраг цяжкіх хранічных захворванняў, ён прымае шмат лекаў і мусіць прытрымлівацца адмысловай дыеты.
Як стала вядома "Свабодзе", за першыя 15 дзён ён тройчы трапляў у шпіталь, у яго былі моцныя прыступы. Але пасля шпіталю яго вярталі назад у ізалятар.
Сілавікі затрымалі барбера з Ваўкавыску
Сцвярджаецца, што ён удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту.
Паводле інфармацыі @Grodno_grab, прозвішча затрыманага - Міхаіл Закіраў.
Дзяржабвінаваўца запрасіў да 25 гадоў пазбаўлення волі для фігурантаў "справы BYPOL"
Дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў канчаткова прызначыць Аляксандру Азараву пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 25 гадоў, Мацвею Купрэйчыку, Уладзіміру Жыгару, Ігару Лобану, Алегу Талерчыку на тэрмін 12 гадоў, Андрэю Астаповічу на тэрмін 11 гадоў.
Завочны суд па гэтай справе ідзе з 22 студзеня.
Былым сілавікам, якія выступілі супраць уладаў, інкрымінуюцца розныя артыкулы КК, у тым ліку: здрада дзяржаве, арганізацыя акту тэрарызму, дзеянні з мэтай захопу ўлады, стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем ды інш.
За "экстрэмісцкія" падпіскі быў затрыманы мужчына
На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога».