viasna on patreon

Як у Беларусі выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс на выбарах*

2024 2024-01-12T14:01:03+0300 2024-01-18T21:13:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary2024_vicebsk2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі падчас выбараў падчас кожнай выбарчай кампаніі праваабаронцы фіксуюць выкарыстанне адміністрацыйных рэсурсаў праўладнымі кандыдатамі. На гэта звярталі ўвагу як міжнародныя назіральнікі АБСЕ, так і беларускія незалежныя назіральнікі. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тлумачыць, што такое адміністрацыйны рэсурс, ці прадугледжаны за яго выкарыстанне кандыдатамі санкцыі і распавядае, як ён выкарыстоўваўся ў Беларусі падчас мінулых выбараў.

Збор подпісаў у Віцебску напачатку студзеня 2024 года
Збор подпісаў у Віцебску напачатку студзеня 2024 года

Што такое адміністрацыйны рэсурс на выбарах?

Адміністрацыйныя рэсурсы — гэта рэсурсы, якія даюць магчымасць кандыдатам у выбарчым працэсе выкарыстоўваць іх афіцыйныя пасады або сувязі з дзяржаўнымі органамі з мэтай уплыву на вынікі выбарчага працэсу. Можна вызначыць наступныя формы адміністрацыйных рэсурсаў:

  1. фінансавыя (напрыклад, выкарыстанне бюджэтных сродкаў);
  2. матэрыяльныя (выкарыстанне дзяржаўнай уласнасці, службовыя аўто і г.д.);
  3. чалавечыя (напрыклад, ціск на падначаленых і выкарыстанне іх у сваёй выбарчай кампаніі);
  4. інфармацыйныя і камунікацыйныя (напрыклад, манапалізацыя СМІ);
  5. рэсурсы нематэрыяльнага характару і сімвалічныя (прыняцце палітычных рашэнняў падчас выбарчага працэсу).

Чаму выкарыстанне адмінрэсурсу кандыдатам забаронена?

Злоўжыванні адміністрацыйнымі рэсурсамі падчас выбарчых працэсаў падрываюць прынцыпы справядлівасці выбараў і падмурак дэмакратычнай культуры. Прыклады такога злоўжывання на выбарах разнастайныя і ўключаюць у сябе, напрыклад, неправамернае выкарыстанне службовых аўтамабіляў падчас выбарчай кампаніі, манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі, запужванне і ціск на падначаленых, і г.д.  

Міжнародныя назіральнікі АБСЕ шмаг гадоў запар падкрэсліваюць, што на фоне агульнага недахопу рэсурсаў і магчымасцяў у кандыдатаў для працы з патэнцыйнымі выбарчшыкамі, злоўжыванні праўладных кандыдатамі адміністрацыйнага рэсурсу ці яго выкарыстанне іншымі дзяржаўнымі службоўцамі на карысць праўладных кандыдатаў вядуць да няроўных магчымасцяў і яшчэ меньшай бачнасці астатніх кандыдатаў.

Якія санкцыі прадугледжаны для кандыдатаў, якія выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс?

Артыкул 73 Выбарчага кодэксу забараняе кандыдатам у дэпутаты выкарыстоўваць перавагі свайго службовага становішча і, па сутнасці, злоўжываць адміністрацыйным рэсурсам. У выпадку выяўлення такіх злоўжыванняў кандыдату ў дэпутаты можа быць адмоўлена ў рэгістрацыі згодна з арт. 68-1 Выбарчага кодэксу.

Але ў выбарчым заканадаўстве няма наўпроставых нормаў, якія забаранялі бы выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу падчас выбарчага працэсу, калі гэта робіцца не самім кандыдатам. Аднак гэта не азначае, што дзяржаўным органам і арганізацыям у выбарчых кампаніях дазволена прыбягаць да такой практыкі. 

Так, паводле арт. 37 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй” выкарыстанне дзяржаўнай асобай у асабістых і іншых пазаслужбовых мэтах перададзенай яму для выканання службовых абавязкаў маёмасці можа разглядацца як карупцыйнае правапарушэнне. Таксама прыбяганне да розных формаў выкарыстання адміністрацыйных рэсурсаў можна разглядаць пад прызмай сумежных злачынстваў, прадугледжаных Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, напрыклад, злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

Выкарыстанне і заахвочванне адміністрацыйных рэсурсаў зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі ў Беларусі парушаюць міжнародныя абавязальніцтвы, якія дзяржава ўзяла на сябе. Гэта і неналежнае выкананне арт. 17 і 19 Канвенцыі супраць карупцыі, дзе хаця на заканадаўчым узроўні нямэтавае выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі прызнаецца злачынствамі ў Беларусі, аднак эфектыўныя захады па прымяненні гэтых нормаў адсутнічаюць. Таксама выкарыстанне адміністрацыйных рэсурсаў праўладнымі кандыдытамі падрываюць роўнасць і справядлівасць выбарчага працэсу ў Беларусі, і таму адсутнасць прэвентыўных і санкцыйных захадаў з боку зацікаўленых дзяржаўных органаў (ЦВК, пракуратура, суды) парушае арт. 25 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.  

Ці выкарыстоўваецца ў Беларусі на выбарах адміністрацыйны рэсурс?

На жаль, у Беларусі падчас кожнай выбарчай кампаніі праваабаронцы фіксуюць выкарыстанне адміністрацыйных рэсурсаў. Больш за тое, яно мае сістэматычны характар. Пра гэта кожны раз кажуць як міжнародныя назіральнікі АБСЕ, так і беларускія незалежныя назіральнікі. Напярэдадні выбараў*2024 хацелася б звярнуць увагу на найбольш папулярныя і частыя формы злоўжывання адміністрацыйнымі рэсурсамі праўладнымі кандыдатамі. Распавядаем на прыкладах з мінулых выбарчых кампаній.

Матэрыяльныя рэсурсы. Прыклады злоўжывання 

1. Правядзенне выбарчай агітацыі з выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, такой як службовыя машыны і паліва. 

Так, падчас мясцовай выбарчай кампаніі ў 2010 годзе у Гомелі па загадзе праўладнага кандыдата яго падначалены развозіў агітацыйныя ўлёткі на службовай машыне “Транспартны кантроль” падчас працоўнага часу. 

2. Прымусовае збіранне грошай са студэнтаў на выбарчы фонд праўладнага кандыдыта. 

Вядома, што ў парламенцкай выбарчай кампаніі ў 2019 годзе прарэктар па выхаваўчай працы Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Павел Папко, які балатаваўся ў дэпутаты, у прымусовым парадку збіраў з навучэнцаў грошы для свайго перадвыбарчага фонду

3. Манаполія на выкарыстанне дзяржаўных установаў, установаў адукацыі з мэтай агітацыі. 

Падчас парламенцкіх выбараў 2019 года ў сярэдняй школе № 8 г. Слоніма мусіў адбыцца бацькоўскі сход, аднак замест гэтага адміністрацыя школы правяла з бацькамі сустрэчу з праўладным кандыдатам. 

Чалавечыя рэсурсы. Прыклады злоўжывання 

1. Прымусовыя сходы настаўнікаў падчас працы або вакацыяў з мэтай агітацыі за праўладнага кандыдата. 

Так, падчас парламенціх выбараў у 2019 годзе, нягледзячы на школьныя канікулы, адразу каля 100 настаўнікаў, работнікаў адной з буйнейшых навучальных устаноў, яны ж сябры ўчастковых выбарчых камісій №31, 32, 33 у Гродне, былі сабраныя на сустрэчу праўладнай кандыдаткі.

2. Прадастаўленне адгулаў настаўнікам для збору подпісаў для праўладных кандыдатаў.

Напрыклад, падчас парламенцкіх выбараў 2019 года на збор подпісаў у падтрымку старшыні "Белай Русі" былі адпраўлены настаўнікі адной з мінскіх школ, наўзамен ім быў прадстаўлены адгул.

3. Правядзенне выбарчай агітацыі сіламі падначаленых у іх працоўны час. 

Падчас парламенцкіх выбараў у 2016 годзе у Салігорску па распараджэнні даверанай асобы праўладнага кандыдата, якая на той момант працавала дырэктарам дзяржаўнага швачнага прадпрыемства “Купалінка”, работнікі фабрыкі ў працоўны час і з выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці арганізоўвалі і ладзілі пікеты ў падтрымку кандыдата Андрэя Рыбака каля гарадскога рынка “Кастрычніцкі”.

4. Праўладныя кандыдаты падчас сваёй агітацыі задзейнічаюць дзяцей. 

Напрыклад, падчас выбарчай кампаніі ў 2016 годзе ў агітацыйным мерапрыемстве за кандыдата ад улады ў Жодзіне задзейнічалі дзяцей. Падчас арганізаванага канцэрту для дзяцей і моладзі не толькі дэманстраваліся творчыя дасягненні дзяцей і моладзі, заахвочваліся новыя дзеці на пляцоўкі цэнтру, але і вялася агітацыі за кандыдата ад уладаў Дзмітрыя Заблоцкага

Чалавечы адміністрацыйны рэсурс ужо быў зафіксаваны праваабаронцамі падчас гэтай кампаніі:

У Віцебску да збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў у дэпутаты прыцягваюць адміністрацыйны рэсурс

Адзінага дня галасавання, якой карыстаецца адміністрацыя дзяржаўных ворганаў улады.

Інфамацыйныя рэсурсы. Прыклады злоўжывання 

Падчас выбараў у Беларусі актыўна выкарыстоўваецца праўладнымі кандыдатамі манапалізацыя дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

У Воршы падчас парламенцкіх выбараў 2008 года ў дзяржаўнай мясцовай газеце "Аршанская газета"  былі апублікаваныя шматлікія агітацыйныя артыкулы за праўладнага кандыдата, у той час як інфармацыя пра апазіцыйных кандыдатаў на старонках газеты не з’яўлялася.

Падчас парламенцкіх выбараў 2019 года на сайце Мінскага абласнога выканаўчага камітэту размяшчаўся агітацыйны матэрыял за вылучэнцаў у кандыдаты ў дэпутаты “Белай Русі”. Пры тым, што нормамі выбарчага заканадаўства правядзенне агітацыі да моманту рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты забаронена. 

Падчас парламенцкіх выбараў 2019 года, адмаўляючыся размяшчаць артыкулы апазіцыйных кандыдытаў, раённая газета "Астравецкая праўда" актыўна піярыла вылучэнца ад улады ў кандыдаты ў дэпутаты па Смаргонскай выбарчай акрузе № 59 Віктара Свілу, які ў тыя часы вызначыўся актыўнай прапагандай пабудовы Астравецкай атамнай станцыі.

Што рабіць, калі заўважылі выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу кандыдатамі?

Перадаваць інфармацыю кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Паведаміць пра парушэнне можна праз Google-форму ці звязацца з намі праз "Гарачую лінію" @viasnaSOS і @viasnainfo.

Вось тут можна знайсці Памятку па бяспецы

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства