Гомель: Агітацыя сіламі падначаленых у працоўны час
У Гомелі некаторыя праўладныя кандыдаты праводзяць перадвыбарчую агітацыю сіламі падначаленых, у працоўны час, на дзяржаўных машынах і паліве. Так, 19 красавіка дэмакратычны кандыдат у дэпутаты Гомельскага гарсавета па Свірыдаўскай акрузе №2 Мікалай Калюка ўзяў на працы адгул, каб заняцца агітацыяй. Ён са сваімі даверанымі асобамі заўважыў з раніцы на тэрыторыі акругі аўтамабіль з надпісам «Транспартны кантроль». Кіроўца аўтамабіля мэтанакіравана аб'язжаў дамы на акрузе і вешаў на дзярах пад'ездаў агітацыйныя ўлеткі канкурэнта М. Калюкі -- дырэктара аўтапарка №6 Віктара Яўмененкі. Дарэчы, рашэннем гарвыканкама ўлеткі можна размяшчаць толькі ў адмыслова абсталяваных месцах — на інфармацыйных шчытах і стэндах. Актывісты штаба М. Калюкі запыталіся ў кіроўцы — ці не ў свой працоўны час і ці не працоўным аўтамабілі ён раз’язджае і расклеівае ўлеткі. На гэта кіроўца адказаў, што робіць гэта па загаду свайго начальніка — намесніка дырэктара аўтапарка №6, які з'яўляецца даверанай асобай кандыдата В.Яўмененкі.
«Выходзіць так, што кандыдат Калюка бярэ афіцыйна адгул на працы, каб прыняць удзел у агітацыі. А ў гэты час яго канкурэнт задзейнічае для агітацыі сваіх падначаленых, дзяржаўны транспарт, паліва. Мы прапаноўвалі кандыдату Яўмененку правесці сумесную сустрэчу з выбаршчыкамі, але на нашу прапанову ён не адказаў», - распавёў давераная асоба кандыдата Калюкі Андрэй Аксенаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”