Затрыманні за Маршы, ператрус у актывіста: хроніка пераследу 10 студзеня Дапоўнена
У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гродне затрымалі работніка адукацыі
Мужчына на «пакаяльным відэа» кажа, што нібыта браў удзел у мітынгах і нібыта адпраўляў інфармацыю пра супрацоўніка міліцыі ў Чорную кнігу Беларусі.
Сілавікі сцвярджаюць, што затрыманы быў адным з лідараў фанатаў GrodnoUltras, якая выступае ў падтрымку ФК «Нёман», хадзіў на матчы з БЧБ-сімволікай, а таксама яму ставяць у віну, што ён быў сябрам партыі БНФ.
Паводле інфармацыі Hrodna.life, затрыманы — Арцём Кабылянскі, настаўнік англійскай і нямецкай моў у Абухаўскай сярэдняй школе імя І.П. Сянько, класны кіраўнік, раней працаваў у сярэдняй школе ў Індуры і ў СШ №37 у Гродне.
Сілавікі правялі ператрус па месцы прапіскі наваполацкага актывіста, які з'ехаў з краіны ў 2021 годзе
8 студзеня ў Наваполацку быў праведзены ператрус па месцы прапіскі ўдзельніка стачкі «Нафтана» Аляксея Маліноўскага.
Дома знаходзіўся непаўналетні пляменнік жонкі, які не адчыніў дзверы. Тады супрацоўнікі прыехалі на працу да нявесткі і забралі яе, прывезлі ў кватэру для правядзення ператрусу. Па факце ператрусу нічога «забароненага» знойдзена не было. Супрацоўнікі цікавіліся месцазнаходжаннем сям'і Маліноўскіх.
Маліноўскія актыўна прымалі ўдзел у пратэсным руху, за што ўсёй сям'ёй падвергліся рэпрэсіям, неаднаразова атрымлівалі штрафы і «суткі». У верасні 2021 года сям'я была вымушана пакінуць Беларусь.
Больш за 2500 «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў распачалі ў Гродзенскай вобласці са жніўня 2020 года
Большасць з іх зарэгістравана ў Гродне, Лідзе і Ваўкавыску.
Часцей за ўсё справы распачыналі па фактах абразы прадстаўнікоў улады, Лукашэнкі, распальванні варожасці.
Сілавікі затрымалі жыхара Брэста за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
Паводле інфармацыі "Медыязоны", ягонае імя — Аляксандр Тысевіч.
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што затрыманы за тое, што пасля выбараў удзельнічаў у мітынгу і выходзіў на праезную частку.