Повара з Мінска асудзілі на 2,5 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыі пратэсту
У судзе Маскоўскага раёну Мінска шостага снежня 2023 года асудзілі Мікіту Новіка паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Лідзія Целіца прызначыла Мікіту два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку.Як паведамляецца ў судовай пастанове, "у натоўпе разам з іншымі грамадзянамі, якія мелі пратэсную сімволіку, рухаўся па праезнай частцы дарогі". Мікіта цалкам прызнаў віну. Яго апазналі па пратэсных фотаздымках у інтэрнэце.
Да абвяшчэння прысуду мужчына знаходзіўся пад вартай.
Мікіта Новік працаваў поварам у адкрытым акцыянерным таварыстве.