viasna on patreon

Крымінальная справа супраць супрацоўнікаў тэлеканала, ліквідацыя літоўскага клуба: хроніка пераследу 13-14 снежня Дапоўнена

2023 2023-12-14T08:14:00+0300 2023-12-14T18:19:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gerviachai.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13-14 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманы 36-гадовы мінчук

З пачаткам расійскага ўварвання 36-гадовы мінчук Сяргей Кудзін змяніў аватарку ў фэйсбуку на тэкст «Stop Putin, stop war».

Губазікаўцы сцвярджаюць, што мужчына быў у «нацысцкіх» суполках, але ў адкрытых сацыяльных сетках ён уваходзіў толькі ў розныя навіновыя ўкраінскія групы. Называюць яны нацысцкай і размешчаную на ягонай старонцы ўкраінскую сімволіку. Таксама ён рэпосціў навіны пра Полк Каліноўскага — праз гэта ў допісе сцвярджаецца, што ён нібы «рыхтаваўся да іхняга вызваленчага паходу ў Беларусь», - піша "Наша Ніва".


"Беларускі дабраахвотніцкі корпус" – “экстрэмісцкае” фармаванне

Рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў экстрэмісцкім фармаваннем прызнана і забароненая дзейнасць на тэрыторыі Беларусі групы грамадзян, аб'яднаных пад назвай "Беларускі дабраахвотніцкі корпус”.

Адзін з праўладных тг-каналаў піша, што “за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь”.

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 14 снежня.

У рашэнні ведамства пазначаны прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненні да арганізацыі — Батулін Радыён, Янкоў Ігар, Трацэўскі Андрэй.


ГУБАЗіК затрымаў жыхара Лошыцы

Мужчына нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» і нацысцкую сімволіку, падтрымліваў «неанацызм ва Украіне» і чакаў, «калі каліноўцы прыйдуць вызваляць Беларусь».


Магілёўскаму блогеру, затрыманаму 12 снежня, далі адміністрацыйны арышт

Як удалося высветліць MAYDAY TEAM, магілёўцу Алесю Сабалеўскаму 13 снежня прысудзілі арышт у 10 сутак.


Узбудзілі крымінальную справу за абразу памерлага намесніка начальніка Шчучынскага РАУС

Па інфармацыі “Гродна-Лайф”, сілавікі пачалі затрымліваць за каментары ў сувязі са смерцю намесніка кіраўніка Шчучынскага РАУС падпалкоўніка Сяргея Асавіка.

Той памёр на працоўным месцы. Пакуль праўладныя каналы паведамляюць як мінімум пра аднаго затрыманага.

Супрацоўнікі ўпраўлення па Гродзенскай вобласці ГУУБ МУС затрымалі за абразлівыя каментары 42-гадовага мужчыну. У яго шэсць судзімасцяў, у тым ліку — за забойства.

Сілавікі адзначылі, што гэта не адзіны падобны каментар.


У Гродне затрымалі супрацоўніка дзяржпрадпрыемства за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што прычынай затрымання стаў фотаздымак з дазволенага мінскага мітынгу і канцэрта, прысвечанага 100-годдзю БНР.

Падзея адбылася яшчэ ў 2018 годзе.


Сілавікі затрымалі дзвюх супрацоўніц светлагорскага тэлеканала "Ранак", распачатая крымінальная справа

МУС сцвярджае, што аператыўнікі затрымалі дзвюх жыхарак Светлагорска — адной з іх 39 гадоў, другой — 41. Яшчэ адзін фігурант справы — 53-гадовы супрацоўнік — паспеў з'ехаць за мяжу.

Паведамляецца, што «саўдзельнікі ў 2020 годзе стварылі і адміністравалі групу ў Telegram. У ёй публікавалася інфармацыя, накіраваная на арганізацыю, падрыхтоўку і ўчыненне масавых беспарадкаў, супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў з мэтай замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, асновы канстытуцыйнага ладу нашай краіны. Свае дэструктыўныя погляды яны прасоўвалі і праз інфармацыйныя рэсурсы тэлерадыёкампаніі».

Следчымі распачата крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фармавання.


У Наваполацку да 15 сутак арышту асудзілі святароў

Пра затрыманне пастара Аляксандра Герасімовіча і царкоўнага служкі Вадзіма Сафонава, а таксама пра тое, што ім, найверагодней, інкрымінаваны распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, паведаміла «Хрысціянская візія». Тэлеграм-канал паведамляе, што на мінулым тыдні ў наваполацкіх цэрквах праводзілі праверку, іншых падрабязнасцяў пра гэта пакуль няма.

Суд над Герасімовічам і Сафонавым адбыўся 12 снежня. Абодва асуджаныя – шматдзетныя бацькі, у сям“і Аляксандра выхоўваецца 7 дзяцей, у сям“і Вадзіма трое, піша "Віцебская вясна".

«Царква Царства Божага» дзейнічае ў Наваполацку з 1993 г., у яе ўваходзяць каля 100 вернікаў, каля 50 дзяцей наведваюць нядзельную школу. Аляксандр Герасімовіч з“яўляецца пастарам царквы больш за 20 гадоў.


Фігуранта справы “Рабочага руху” Уладзіміра Жураўку перавялі на турэмны рэжым

Уладзімір Жураўка — былы аператар дыстанцыйнага пульта кіравання цэху "Аміяк-3" на "Гродна Азот".

Яго затрымалі 18 верасня 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве),  арт. 188 КК (паклёп) і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). У лютым яго асудзілі да 15 гадоў калоніі.

Тэрмін Жураўку накіравалі адбываць у бабруйскую калонію.

Па інфармацыі  MAYDAY TEAM, 16 лістапада ў Бабруйску адбыўся суд па справе аб замене Уладзіміру рэжыму ўтрымання. Суддзя Павел Карцінін пастанавіў перавесці палітвязня ў турму. Ён будзе адбываць тэрмін у магілёўскай турме № 4.

Падтрымайце палітвязня лістамі і паштоўкамі: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Уладзімір Іванавіч Жураўка.


У Гродне ліквідавалі яшчэ адну літоўскую арганізацыю — клуб "Гервячай"

Пазоўнікам выступіла Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Суддзя — Юрый Карэцкі.

Арганізацыя зарэгістраваная ў 1994 годзе ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёна. Раней арганізацыя арганізоўвала мерапрыемствы разам з Астравецкім райвыканкамам і пасольствам Літвы ў Беларусі, дапамагала выдаваць кнігі, піша Hrodna.lifе.

У арганізацыі было 394 чальцоў. Мэты — супрацоўніцтва і ўмацаванне даверу і ўзаемаразумення паміж народамі Беларусі і Літвы, захаванне гістарычнай памяці і культуры. Яны адзначылі, што арганізацыя «падтрымлівае курс, які праводзіцца кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь».


ГУБАЗіК за ўдзел у пратэстах затрымаў салігорца

У 2020-ым годзе яму было ўсяго 15 гадоў.

На «пакаяльным відэа» яго прымусілі «прызнацца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама ў напісанні каментароў у «экстрэмісцкіх» чатах.


На зямельны ўчастак Леаніда Судаленкі наклалі арышт

Падставай для такіх дзеянняў стала адкрыццё 1 лістапада чарговай крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага праваабаронцы Леаніда Судаленкі паводле арт. 361-4 КК («іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), піша «Гомельская Вясна».

Нагадаем, учора паведамлялася, што дома ў Судаленкі адбыўся ператрус.

У лістападзе 2021-га году Леаніда асудзілі да 3 гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі Судаленку ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства